Расея перакідвае зброю ў Беларусь?

video

https://youtu.be/Nl_YkJz9hSs

 Такая заява прагучала ад Аляксандра Турчынава, які першы свой візіт у якасці прэзідэнта Украіны здзейсніў у Беларусь, дзе пачуў выказванні пра ўсебаковае падтрыманне.

Расейская авіяцыя ўжо ў Бабруйску – даволі нечаканая заява ад кіраўніка ўкраінскай Рады Бяспекі. Раней у верасні «Независимая газета» заяўляла, што расейскія знішчальнікі зʼявяцца ў Беларусі акурат у студзені. За гэтым пайшла хваля пратэстаў, што ў перадвыбарчы час было зусім не на руку кіраўніку Беларусі. Ён паспяшаўся заявіць…

«Слухаю, думаю, госпадзі – я нічога пра гэта ня ведаю – чалавек, што мусіць прымаць гэтае рашэнне – я нічога пра гэта ня ведаю», – упэўнівае Аляксандр Лукашэнка.

Калі кіраўнік краіны ня ведаў пра зусім не сакрэтныя планы Расеі размясціць у нашай краіне баявыя самалёты, можа прапусціў і іхнае зʼяўленне? Паводле Аляксандра Турчынава, у Бабруйску ўжо ня толькі летакі.

«На авіябазу ў Бабруйску, якая таксама месціцца ў дастатковай блізасці ад украінскае мяжы, перакінутыя расейскія вайскова-транспартавыя летакі, знішчальнікі СУ-27 і баявыя верталёты», – папярэджвае Аляксандр Турчынаў, сакратар Рады бяспекі Украіны.

Расейскія летакі сапраўды неаднаразова прыляталі ў Бабруйск – транспартны АН-12 два гады таму трапіў у абʼектыў нашых камераў. Былі расейскія госці і напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, кажуць мясцовыя. Але на гэты момант інфармацыя спадара Турчынава не пацвярджаецца.

«Выпала шмат снегу, працы вядуцца, штосьці там чысцяць. Самалётаў я не бачыла – праязджала літаральна сёння там і чутныя былі гукі машынаў – відавочна камусьці штосьці там трэба», – зазначае Галіна Смірнова, сябра партыі АГП.

Адкуль тады такая заява Кіева? Тым болей ад Аляксандра Турчынава, які першы свой візіт у якасці выканаўцы абавязкаў прэзідэнта Украіны здзейсніў у Беларусь, дзе пачуў выказванні пра ўсебаковае падтрыманне?

«Магчыма ў Кіеве лічаць справу амаль вырашанай, можа яму на вочы патрапіў нейкі дакумент, ці справаздача і ён скарыстаўся з гэтага напісаўшы, што тая тэхніка – самалёты, верталёты ўжо знаходзяцца ў Беларусі, хаця мы бачым, што міністэрства абароны гэта зняпраўджвае», – зазначае палітолаг Алесь Лагвінец.

Пакуль што айчыннае мінабароны кажа, што пытанне пра авіябазу нават не разглядаецца, але ці доўга зможа Менск супраціўляцца жаданням усходняга хаўрусніка?

«Лукашэнка проста спрабуе як мага даражэй прадаць пытанне авіябазы, а для Крамля – гэта амаль вырашанае пытанне, таму ён не хоча раскашэльвацца. Я думаю, што ў той, ці ў іншай форме, Расея ў стане паўплываць на Лукашэнку, каб той гуляў паводле расейскіх правілаў», – падсумоўвае Алесь Лагвінец.

То бок і ў Кіеве і ў Маскве расейскую авіябазу ўспрымаюць, як амаль існую. Менску ж застаецца зняпраўджваць тое, што сапраўды можа хутка стацца рэчаіснасцю

Усевалад Шлыкаў, Белсат

Глядзі таксама
Каментары