Расея перад выбарамі. Хто каму зробіць сюрпрыз?


У нядзелю жыхары Расеі абяруць дэпутатаў Дзяржаўнай думы сёмага склікання – тых, хто будзе прымаць законы падчас прэзідэнцкай кампаніі Уладзіміра Пуціна. Хто каму зробіць сюрпрыз – апазіцыя Крамлю, Крэмль – апазіцыі або выбарцы – ім усім?

Ветэран расейскай палітыкі заклікае ў СССР праз 25 гадоў пасля яго распаду. КПРФ і ЛДПР – адзіныя партыі, што былі ўва ўсіх папярэдніх парламентах. Сёння іхныя лідары імкліва старэюць разам з электаратам.

«Хопіць прымушаць пенсіянераў жыць на жабрацкую пенсію. У краіне вельмі шмат пажылых людзей»,– кажа Уладзімір Жырыноўскі.

Расейцы не цікавяцца выбарамі

Шмат – і добра: яны найважнейшыя выбарцы і будуць на ўчастках большасцю, бо палова расейцаў за выбарамі проста не сочыць.

«Хутчэй за ўсё на выбары не пайду. Наагул, мяне ўсё задавальняе цяпер, і ў маіх інтарэсах, каб нічога не мянялася цяпер – мне цяпер добра жывецца», – кажа студэнт з Масквы Аляксей.

Студэнт Аляксей здраджвае сваім адказам больш, чым шмат: каб падтрымаць кіроўную партыю, не абавязкова за яе галасаваць. Гэта выбары наадварот. Брак харчоў з Еўропы ў выніку санкцыяў становіцца дасягненнем улады.

Рэйтынг улады непахісны?

Гэтак адкрыццё Фонду барацьбы з карупцыяй лецішча Мядзведзева коштам амаль у паўмільярда долараў не зможа ўдарыць па рэйтынгу кіроўнай партыі, а наадварот. Апытанні трох сацыялагічных цэнтраў паказваюць, што «Единая Россия» можа атрымаць нават больш мандатаў, чым на мінулых выбарах.

«Нават калі нашыя людзі нейкіх дэталяў не ведаюць, яны часта сэрцам адчуваюць – дзе праўда, а дзе хлусня», – мяркуе Пуцін.

Пратэсты могуць напужаць уладу яшчэ мацней

Цяжка сказаць, ці ўлады будуць фальсіфікаваць выбары і наагул – ці гэта ім патрэбна. Таксама цяжка сказаць пра шанцы апазіцыі. З аднаго боку, ліберальны рух памацнеў: з’явіліся новыя твары, ёсць пэўная гісторыя поспеху – тыя амаль 30 %, якія Аляксей Навальны набраў на выбарах мэра. З другога – падрыхтаваліся не толькі яны.

«Улады безумоўна памятаюць, што было пасля папярэдніх думскіх выбараў – тая хваля пратэстаў, якая прывяла хоць і не да значнай, але ўсё ж такі лібералізацыі заканадаўства, і, наагул, даволі моцна напужала расейскія ўлады», – кажа Павел Пучкоў, кандыдат гістарычных навук (МДУ).

Эканамічны крызіс у Расеі не заканчваецца, а толькі пачынаецца. І калі пачне штарміць, каманда павінная ведаць, як сябе паводзіць. Балатавацца на новы тэрмін, перамагаць і кіраваць краінай Пуцін будзе менавіта з гэтай Думай.

«Лукашэнка з Пуціным сядзяць. Адзін кажа: « У мяне два апазіцыйных кандыдата ў парламенце», а Пуцін: «А ў мяне – пяць», – жартуе Раман Голубеў, старшыня тульскага аддзялення партыі «Прагрэс».

Бясконцаму Пуціну расейцы абяруць бясконцую Думу.

Праграма «ПраСвет» выходзіць на «Белсаце» ў пятніцы а 21:40. Іншыя тэмы апошняга выдання: ці ўлады Беларусі здалі на Захадзе іспыт па лібералізацыі; магія беларускіх выбараў: што ўбачылі польскія назіральнікі на выбарах у Беларусі; «Сіндром Крыму?»: чаму Прыднястроўе зноў захацела ў Расею і менавіта цяпер ды іншае.

[/vc_column_text][vc_video link=”https://youtu.be/6p53udF00To?t=14m45s”][vc_column_text]Фота і тэкст Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў