Расея паступова спыняе «каўбасную вайну» з Беларуссю


Пяць беларускіх вытворцаў мяса-малочнай прадукцыі ізноў змогуць пастаўляць тавары ў Расею. Пад забаронаю застаюцца яшчэ15 прадпрыемстваў.

Рассельгаснагляд дазволіў пастаўкі з яшчэ двух беларускіх прадпрыемстваў. Раней скасавалі забарону на пастаўкі ў Расею прадукцыі Калінкавіцкага мясакамбіната, Гомельскага і Жлобінскага, а таксама Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі.

«З 12 снежня 2014 года скасоўваюцца раней уведзеныя часовыя абмежаванні на пастаўку ў Расійскую Федэрацыю прадукцыі прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь ААТ »Агракамбінат «Скідальскі», ААТ «Птушкафабрыка »Рассвет«, – гаворыцца ў паведамленні.

У лістападзе Рассельгаснагляд увёў забарону на пастаўкі прадукцыі больш як дваццаці беларускіх мяса-малочных прадпрыемстваў у сувязі з яе неадпаведнасцю нормам заканадаўства РФ і Мытнага саюзу.

4 снежня падчас сустрэчы ў Маскве віцэ-прэм‘ера Беларусі Міхаіла Русага з кіраўніком Рассельгаснагляда Сяргеем Данквертам была знятая забарона на пастаўку прадукцыі Калінкавіцкага мясакамбіната. Тады ж ветслужбы дзвюх краін прынялі рашэнне з 9 снежня правесці сумесныя праверкі беларускіх прадпрыемстваў, пастаўкі з якіх былі абмежаваныя. Чакаецца, што праверкі будуць доўжыцца да 16 снежня. Яны праходзяць з удзелам прадстаўнікоў Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Аляксандр Лукашэнка ўсклаў адказнасць за харчовы канфлікт на расейскі бок. Пры гэтым ён нагадаў, што канфлікт па пастаўках харчавання паміж Расеяй і Беларуссю ўзнік не першы раз.

Аляксей Арэшка, БелаПАН / МЛ

Стужка навінаў