Расея пашырае чорны спіс беларускіх прадпрыемстваў

video

Беларусь працягвае кантрабандны экспарт харчоў у Расею. З гэткім закідам выступіў сёння прадстаўнік расейскай Акадэміі навук Аляксандр Гусеў. Заява прагучала на фоне штодзённых парушэнняў, якія ў беларускай прадукцыі знаходзіць Рассельгаснагляд.

Сотні падробленых сертыфікатаў выявіў сёлета Рассельгаснагляд на імпартаваныя харчы трэціх краінаў, што паступілі ў Расею з Беларусі. Паводле расейскага ведамства, беларускія кантралёры не толькі не выяўляюць фальсіфікату самі, але і замінаюць гэта рабіць сваім расейскім калегам.

У панядзелак Рассельгаснагляд знішчыў чарговыя 63 тоны грыбоў і мандарынаў, якія, паводле беларускіх дакументаў, прыйшлі з Турэччыны. Турэцкі ж вытворца, указаны на сертыфікаце, сказаў, што такой прадукцыі не вырабляў. Расейскія чыноўнікі падазраюць, што пад маркаю турэцкіх мандарынаў нашая краіна пастаўляе еўрапейскія плады, супраць якіх Крэмль увёў летась санкцыі.

Сёлета Беларусь павялічыла імпарт садавіны ўдвая, а яе экспарт у Расею – у два з паловаю разы. Айчыннай марской рыбы ў Расею вывезлі ў паўтара разу больш, чым летась. Экспарт малака і малочных прадуктаў павялічыўся ў сярэднім на 15 адсоткаў. Агулам, паводле Леаніда Злотнікава, за кошт імавернай кантрабанды Беларусь магла нарасціць сельскагаспадарчы экспарт больш як на паўмільярда долараў.

На мінулым тыдні Рассельгаснагляд унёс у чорны спіс чарговыя 13 малочных і рыбных беларускіх прадпрыемстваў – праз падазрэнні, што яны перапрацоўвалі ўкраінскае малако ды прыбалтыйскі селядзец. Між тым уласная сельскагаспадарчая вытворчасць сёлета знізілася на 4 % – з прычыны надзвычай гарачага лета і недахопу дзяржаўных субсідыяў калгасам.

Пры гэтым адмыслоўцы адзначаюць, што павелічэння экспарту сапраўдных беларускіх тавараў у Расею чакаць не даводзіцца. Паводле падлікаў эканаміста Леаніда Заікі, пастаўляючы айчыннае мяса і малако на экспарт, нашая сельская гаспадарка нясе страты памерам 30 адсоткаў ад продажу. А гэта можа працягвацца толькі да тае пары, пакуль улады здольныя такі экспарт субсідаваць.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары