Расея не пусціла спікера сенату Польшчы на пахаванне Нямцова


Спікер польскага сенату Багдан Барусэвіч заявіў, што не здзіўлены рашэннем расейскіх уладаў, якія не далі яму дазвол на ўезд у Расею.

Спікер сенату Польшчы Богдан Барусэвіч заявіў журналістам, што расейскія ўлады на далі яму дазволу на ўезд у Расею для ўдзелу ў пахаванні Барыса Нямцова, падае Бі-Бі-Сі.

Барусэвіч павінен быў узначальваць дэлегацыю польскіх палітыкаў і дэпутатаў парламенту на цырымоніі пахавання апазіцыйнага расейскага палітыка, застрэленага ў пятніцу ў цэнтры Масквы.

Па словах Барусэвіча, яму было заяўлена, што ён не атрымае расейскую візу. Каго яшчэ з чальцоў польскай дэлегацыі закране гэтая мера, пакуль не вядома.

Замест Барусэвіча ў Маскву, як паведамляюць польскія медыі, павінен быў вылецець намеснік старшыні сенату Ян Выравіньскі, аднак у выніку Польшча прыняла рашэнне наагул не адпраўляць дэлегацыю ў Маскву.

Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі назваў рашэнне Масквы незразумелым.

Польскі прэзідэнт заявіў, што спікер сенату – «ікона польскай дэмакратыі і барацьбы за свабоду», таму ён лепш за ўсё падыходзіў для таго, каб прадстаўляць краіну на развітанні з расейскім апазіцыянерам.

Па паведамленнях польскіх медыяў, ад Польшчы на ​​пахаванне можа прыехаць толькі прадстаўнік канцылярыі Камароўскага Ян Літыньскі.

Захады ў адказ

Раней стала вядома, што адмову ў візе таксама атрымаў польскі эксперт па міжнароднай палітыцы Марцін Забароўскі, які ўзначальвае Польскі інстытут міжнародных адносінаў. Прычыну адмовы ён не ведае.

У прэс-службе пасольства Расеі ў Варшаве афіцыйнаму агенцтву «РИА Новости» заявілі, што Барусэвіч уключаны ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Расеі.

Зроблена гэта, па словах супрацоўніцы дыпламатычнай місіі, «у рамках захадаў у адказ, прынятых расейскім бокам у дачыненні да шэрагу дзяржаў, у тым ліку Польшчы, якія ўвялі санкцыі супраць Расейскай Федэрацыі».

«Спадар Барусэвіч не можа паехаць у Маскву, аднак гэта не мае ніякага дачынення да пахавання Барыса Яфімавіча Нямцова», – цытуе агенцтва заяву прадстаўніцы прэс-службы амбасады.

Прэс-сакратар польскага МЗС Марцін Вайцяхоўскі таксама заявіў журналістам, што адмова ў візе можа быць адказам на ўнясенне расейскіх афіцыйных асобаў у спіс тых, каму забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвязу.

Апазіцыянер Барыс Нямцоў быў забіты ў пятніцу ўвечары на Вялікім Маскварэцкім мосце ў цэнтры Масквы некалькімі стрэламі ў спіну. Яго пахаванне пройдзе у аўторак 3-га сакавіка.

МЯ, belsat.eu, паводле bbc.co.uk

Глядзі таксама
Каментары