Расея: «Кант лох» – вандалы апаганілі «дом нямецкага філосафа»


Цагляны дом, у якім паводле ўладаў Калінінградскай вобласці жыў вялікі нямецкі філосаф, месціцца ў вёсцы Вясёлаўка Чарняхоўскага раёну. Дом стаіць без вокнаў і даўно стаў месцам папоек бяздомнікаў. Адзін з аматараў выпіць, імаверна, нешта ведаў пра гэтае месца. Невядомы пакінуў на сцяне будынку надпіс: «Кант лох».

12 лютага 2015 г. дом атрымаў афіцыйны статус помніку культуры ў сувязі з 290-годдзем з дня нараджэння філосафа. Расейскія ўлады вырашылі выкупіць дом у прыватнага ўладальніка і зладзіць у ім музей пасля таго, як у СМІ з’явілася інфармацыя, што будынак разбураецца і становіцца месцам начлегу валацуг.

Рэалізацыя праекту «Кант-рэзідэнцыя» пачынаецца сёлета. Губернатар Калінінградскай вобласці Мікалай Цуканаў паабяцаў, што на яго рэалізацыю ёсць грошы. Аднак да сёння будынак не ахоўваецца.

Ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць адно «але»: будынак, які калінінградскія ўлады прызналі домам Канта, быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя, некалькі дзесяцігоддзяў пасля смерці філосафа. Ён стаіць на месцы хаты пастара Данііла Эрнста Андэрса, у якім Кант павінен быў жыць у 1747-1751 гг. і працаваць настаўнікам дзяцей святара.

«Вядома, Кант – лох. Ён ніколі не здолеў бы так закруціць справу раскрадання бюджэтных грошай на рамонт дому, у якім ніколі не быў», – каментуе справу адзін з карыстальнікаў інтэрнэту.

JB/ТP/Biełsat/“Новый Калининград”/ newsru.com

WWW.belsat.eu/pl/  

Глядзі таксама
Каментары