Расея і ЗША змаглі дамовіцца аб замірэнні ў Сірыі


ЗША і Расея апублікавалі план, які мае на мэце знізіць узровень гвалту ў Сірыі і перайсці да мірнага ўрэгулявання сітуацыі.

«Сёння ЗША і Расея абвяшчаюць аб плане, які, як мы спадзяемся, дасць магчымасць зменшыць гвалт, палегчыць пакуты і аднавіць рух да мірных перамоваў і мірнага ўрэгулявання ў Сірыі», – заявіў дзяржсакратар ЗША Джон Керы.

Паводле амерыканскага чыноўніка, узгоднены план мае больш значныя наступствы, чым любыя пагадненні на сённяшні дзень. Пры выкананні плану ўсімі бакамі магчымы пераход да мірных перамоваў.

«Мы спадзяемся, што калі план будзе цалкам выкананы, ён стане паваротным пунктам», – заявіў Керы.

Згодна з дасягнутымі дамоўленасцямі, усе бакі канфлікту ў Сірыі маюць спыніць ваенныя дзеянні з 12 верасня.

Рэжым спынення баявых дзеянняў у Сірыі мае прапрацаваць цягам сямі дзён, пасля чаго будзе створаны спецыяльны цэнтр па размежаванні тэрарыстаў і ўмеранай апазіцыі, распавёў расейскі міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў.

Акрамя таго, урад Сірыі не павінен наносіць авіяўдары ў пэўных раёнах краіны, а сілы апазіцыі павінны будуць усімі магчымымі спосабамі дыстанцыявацца ад экстрэмісцкіх груповак «Фронт Нусра» і «Ісламская дзяржава».

Перамовы Сяргея Лаўрова і яго амерыканскага калегі ў Жэневе працягваліся 12 гадзін. Пасля гэтага Вашынгтон і Дзярждэпартамент узгаднялі план яшчэ некалькі гадзін.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў