Расея і Беларусь судзяцца за 38 фураў канфіскату


Гучны прэцэдэнт у беларуска-расейскіх стасунках – краіны сустрэліся ў судзе. У Менску пачалі разглядаць позву расейскага Міністэрства юстыцыі супраць беларускага Мытнага камітэту. Гаворка пра канфіскаваную два гады таму калінінградскую побытавую тэхніку. Тады на мяжы з Літвою беларускія мытнікі забралі тавару на паўмільярда расейскіх рублёў. Справу вядзе суд ЕўрАзЭС, які месціцца ў Менску.

Кошт пытання – 38 фураў з тэхнікай

Адразу на пачатку паседжання беларускі бок звярнуўся з хадайніцтвам увогуле прыпыніць справу. Факту канфіскацыі расейскіх тавараў улады нашай краіны не прызнаюць і настойваюць на тым, што пры канцы 2014 года на літоўска-беларускай мяжы побытавая тэхніка, якая накіроўвалася з Калінінградскай вобласці ў Расею, не мела ўласнікаў. Безгаспадарнымі палічылі тавары з 38 фураў, якія перавозілі прадукцыю Калінінградскага заводу электронікі «Тэлебалт».

Аргументы Беларусі

«Рэспубліка Беларусь сыходзіць з таго, што ніякіх міжнародных абавязкаў мы не парушалі, не парушалі нарматыўна-прававой базы Мытнага саюзу ў снежні 2014 года. Гэта нашая пазіцыя і мы гатовыя гэтую пазіцыю адстойваць у судзе і даказаць», – упэўнены намеснік міністра юстыцыі Беларусі Ігар Тушынскі.

Рэспубліка Беларусь сыходзіць з таго, што ніякіх міжнародных абавязкаў мы не парушалі, не парушалі нарматыўна-прававой базы Мытнага саюзу ў снежні 2014 года. Гэта нашая пазіцыя і мы гатовыя гэтую пазіцыю адстойваць у судзе і даказаць.

Больш за тое, паводле беларускага боку, гаворка ідзе пра кантрабанду электронікі, зробленай у Кітаі і без адпаведных мытаў увезенай на тэрыторыю Мытнага саюзу. На самім Калінінградскім заводзе «Тэлебалт» не хаваюць, што вырабляюць тавары з кітайскіх частак, але настойваюць на тым, што ў выніку тавары становяцца ўжо расейскай вытворчасці.

Пазіцыя расейцаў

«На завод паступаюць камплектныя дэталі, як правіла, гэта з Кітаю, часткі ідуць асобна, мы гэта ставім на лінію і збіраем. На лініі механічнай зборкі мы ўсталёўваем усе кампаненты тэлевізара і далей кантроль якасці», – даводзіць Эгідзіс Ульцінас, галоўны канструктар кампаніі «Тэлебалт».

У судзе ЕўрАзЭС прадстаўнікі расейскага Мінюсту ад каментароў адмовіліся. Заявіўшы, што будуць чакаць афіцыйнага судовага рашэння.

Беспрэцэдэнтная справа

Сённяшняе паседжанне першая справа такога маштабу, калі ў межах ЕўрАзЭС адная краіна праз суд Еўразійскага эканамічнага саюзу спрабуе адстаяць свае правы. Ад вынікаў суда будзе залежаць, ці выйдуць гандлёвыя войны паміж Расеяй і Беларуссю на новы ўзровень.

Бо калі суд ЕўрАзЭС прызнае кантрабандай тэлевізары з кітайскай начынкай, то кантрабандай можна будзе палічыць усе еўрапейскія прадукты, якія беларускія вытворцы пастаўляюць на расейскі рынак. Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман у «Размове» Святланы Калінкінай распавёў «Белсату», што інтэграцыйным праектам паміж аўтарытарнымі краінамі наканавана прабуксоўваць праз тое, што ні ў Менску, ні ў Маскве не гатовыя дзяліцца паўнамоцтвамі.

Шанец для Еўразійскага суда

«Гэта рэальны шанец паказаць, ці гэты дзеяздольны орган, наколькі ён будзе пазбаўлены палітычнага ціску. На самым пачатку гэтага працэсу Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што будзе сачыць за справаю. Вось цікава, як суд, які месціцца ў Беларусі, будзе разглядаць гэтую справу паводле іску краіны, якая самая магутная ў гэтым саюзе», – зазначае Арцём Шрайбман, палітычны аглядальнік «TUT.BY».

Вяртаць ужо няма чаго

У кулуарах суда кажуць, што прэцэдэнтная справа можа расцягнуцца і на тыдзень, і на месяц. Зрэшты, вяртаць расейскаму боку ўжо няма чаго, тэлевізары і іншая тэхніка даўно прададзеныя.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: ТАСС

Стужка навінаў