Расея хоча засудзіць паўтары тысячы літоўцаў


Расея хоча пакараць літоўцаў, якія 25 гадоў таму адмовіліся служыць у савецкім войску. Мінабароны Літвы раіць ім не ехаць у Беларусь

Расейскія праваахоўныя органы хочуць прыцягнуць да адказнасці літоўцаў, якія ў 1990-1991 гг адмовіліся служыць у савецкім войску.

Генпракуратура Літвы, якая атрымала адмысловы запыт, ужо паспела заявіць, што не будзе аказваць прававой дапамогі Расеі.

«10 гадоў таму мы атрымоўвалі падобныя запыты, якія накіроўваліся да пракурораў, яны былі прааналізаваныя і на той момант было прынятае рашэнне аб адмове ў аказанні юрыдычнай дапамогі», – патлумачыла прэс-сакратарка Літоўскага генеральнага пракурора Элена Марцінаніене.

Літоўскі міністр абароны кажа, што людзі, якія пакінулі «акупацыйнае войска», не памыліліся і маюць права годна жыць у Літве.

«Я думаю, што мы мусіў дапамагчы ім абараніць сябе, мусім абараніць іх. Як мінімум гэтыя асобы мусяць устрымацца ад наведвання Расіі, Беларусі і іншых краінаў, што знаходзяцца пад уплывам Расеі», – адзначыў літоўскі міністр абароны Юозас Олякас.

Згодна з дадзенымі Мінабароны Літвы, пасля 11 сакавіка 1990 года ад прымусовай службы ў савецкім войску адмовіліся 1562 хлопцы. Сярод іх 67 былі сілай дастаўленыя ў вайсковыя часткі савецкіх узброеных сілаў. 1465 маладых людзей былі вымушаныя хавацца, мяняць месца жыхарства, каб пазбегнуць гвалтоўнай службы і рэпрэсій з боку савецкіх уладаў.

Фота: belvpo.com

ЗК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары