Расея дадала ў спіс санкцыйных прадуктаў соль


На павараную соль наклалі эмбарга.

Яна трапіла ў спіс тавараў, якія нельга ўвозіць у Расею з краінаў ЕЗ, ЗША, Украіны ды некаторых іншых дзяржаваў.

Кіраўнік расейскага ўраду Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў адпаведную пастанову аб пашырэнні спісу тавараў, увоз якіх з краінаў, што раней прынялі санкцыі ў адносінах да Расеі, забаронены.

Пад эмбарга падпадае не толькі харчовая соль, але і соль для прамысловых мэтаў.

Забарона ўступае ў сілу 1 лістапада 2016 года.

Раней буйным пастаўшчыком солі ў Расею была Украіна. Паводле галінавага абʼяднання «Русхарчсаюз», гадавая патрэба Расеі ў харчовай солі складае каля 1,5 – 1,6 млн тонаў.

У першым паўгоддзі 2014 года доля імпартнай солі ў Расеі вагалася ад 51,8 % да 62 %, пры гэтым галоўнымі экспарцёрамі былі беларуская «Мазырсоль» і ўкраінская «Арцёмсоль». Агулам у 2014 годзе ўкраінская кампанія паставіла ў Расею больш за 233 тыс. тонаў солі.

У пачатку 2015 года Расспажыўнагляд прыпыніў увоз у Расею харчовай солі вытворчасці «Арцёмсоль», патлумачыўшы сваё рашэнне яе неадпаведнасцю патрабаванням, што прадʼяўляюцца да зместу прымесяў, ёду і арганалептычных паказчыкаў. Пасля гэтага доля імпартнай солі на расейскім рынку, па водле дадзеных «Русхарчсаюзу», скарацілася да 33 %.

Беларусь – найбуйнейшы пастаўшчык солі

У траўні 2016 году выданне «Камерсант» са спасылкай на крыніцы паведамляў аб зняцці забароны на ўвоз у Расею прадукцыі кампаніі «Арцёмсоль».

Паводле дадзеных Федэральнай мытнай службы Расеі, летась імпарт солі ў краіну ў грашовым выражэнні склаў $ 83,1 млн. У 2016 годзе, паводле дадзеных за сем месяцаў, імпарт солі склаў $ 41,2 млн.

Пры гэтым найбуйнейшым пастаўшчыком паводле кошту з’яўляецца Беларусь – на нашую краіну контрсанкцыі не распаўсюджваюцца (больш за $ 36 млн за 2015), а паводле натуральнага паказчыку – Украіна (864 тыс. т солі).

У той жа час паводле дадзеных Расстату, спажывецкія цэны на ёдаваную харчовую соль у Расеі ў студзені-жніўні 2016 года выраслі на 7,4% адносна адпаведнага перыяду мінулага года.

НМ, belsat.eu, паводле РБК

Стужка навінаў