Расея больш не будзе «цягнуць» беларускіх вытворцаў


Мінэканомікі прагназуе «вельмі складаную» сітуацыю на асноўным рынку збыту беларускай прадукцыі.

Расейскае Міністэрства эканомікі і развіцця паставіла беларускі бок перад фактам: сёлета нашыя суседзі плануюць скараціць на 30 % імпарт тавараў.«Для нас гэта азначае, што без дыверсіфікацыі разлічваць на эканамічны рост у 2015 годзе не даводзіцца. Усе схемы экспартнага падтрымання неабходна сканцэнтраваць на новых рынках», – заявіў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.

Для дыверсіфікацыі экспарту, адзначыў ён, неабходна ў поўнай меры выкарыстаць перавагі ад удзелу Беларусі ў рэгіянальнай і глабальнай інтэграцыі. «У гэтай сувязі неабходная сістэмная праца па паляпшэнні ўмоў доступу беларускіх тавараў і паслуг не толькі на агульным рынку Еўразійскага эканамічнага саюза, але і на рынках усіх наяўных у свеце рэгіянальных груповак і найбуйнейшых краін-імпарцёраў», — сказаў міністр.

Паводле яго слоў, такая праца вельмі неабходная, бо інакш «немагчыма весці размову аб зніжэнні рызыкоўнай залежнасці ад Расейскай Федэрацыі».

Сукупны экспарт беларускіх тавараў у Расею ў 2014 годзе склаў $ 15,34 млрд. і знізіўся ў параўнанні з 2013-м амаль на $ 1,5 млрд. Расейцы ўсё менш купляюць беларускія цяжкавікі, трактары, апоны, а таксама малочныя і мясныя прадукты.

На думку эканамістаў, зніжэнне беларускага экспарту ў Расею абумовілі ў 2014 годзе некалькі фактараў. «Беларускі экспарт знізіўся з прычыны стагнацыі расейскай эканомікі. Акрамя гэтага, на зніжэнне экспарту ў вартасным выражэнні паўплывала ўмацаванне беларускага рубля да расейскага, якое назіралася да снежня 2014 года», — мяркуе эканаміст Антон Балточка.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў