Расея ў бліжэйшыя дні выдзеліць Беларусі крэдыт на суму $ 760 млн, пагадненне падпісана


Міжурадавае пагадненне аб наданні Беларусі крэдыту на $ 760 млн на 10 гадоў падпісалі ў Маскве 24 ліпеня. У Менску чакаюць паступленне грошай у бліжэйшыя дні, паведамляе прэс-служба Міністэрства фінансаў Беларусі.

«24 ліпеня ў Маскве міністэрствы фінансаў Беларусі і Расейскай Федэрацыі падпісалі міжурадавае пагадненне аб наданні ўраду Беларусі дзяржаўнага фінансавага крэдыту. Пагадненнем прадугледжана выдзяленне фінансавых рэсурсаў у расейскіх рублях на суму $ 760 млн, тэрмін – 10 гадоў, уключаючы 4-гадовы льготны перыяд», – праінфармавалі ў прэс-службе фінансавага ведамства рэспублікі.

У Мінфіне адзначылі, што паступленне сродкаў крэдыту ў рэспубліканскі бюджэт чакаецца бліжэйшымі днямі, падае interfax.by.

У адпаведнасці з пагадненнем крэдыт выдаюць для абслугоўвання і пагашэння крэдытаў, якія былі раней выдадзены Беларусі Расеяй і Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця. Тэрмін вяртання новага крэдыту назначаны на 15 лютага 2019-га года. Пры гэтым пазыка будзе пагашацца роўнымі паўгадавымі долямі.

Гэта ўжо другі расейскі крэдыт для Беларусі за апошнія месяцы. Сёлета РФ ужо дала Беларусі $ 110 млн для пагашэння адсоткаў па выдадзеным у 2010 годзе расейскім крэдыце.

Глядзіце яшчэ: Колькі Лукашэнка пазычыў у Расеі ды чаму нас чакае грэцкі сцэнар?

Мянчанка пра крэдыты дзяржавы: Такія запазычанасці не выплацяць нават мае праўнукі!

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў