Расея: бацюшку, якога злавілі падчас гомасексуальнай сувязі, хацелі спаліць


Прыхаджане царквы ў сяле пад Краснаярскам сцвярджаюць, што засталі мясцовага бацюшку і чыноўніка падчас сексуальнага акту проста ў царкве. Краснаярскі сайт «Проспект мира» паведамляе падрабязнасці здарэння, аднак падкрэсліваючы, што на афіцыйным узроўні ніякіх каментароў атрымаць не ўдалося.

Сайт спасылаецца на сваіх чытачоў з сяла Картузскае, якія распавялі пра інцыдэнт у царкве. Святара і чыноўніка нібыта пабачыла падчас сексуальных дзеянняў адна з прыхаджанак.

«Пасля таго, як пра гэта даведалася ўся вёска, бацюшка спрабаваў уцячы з пасёлку, але яго злавілі на выездзе і збілі. Чула, што потым яго хацелі зацягнуць да царквы і спаліць. Другі ўдзельнік скандалу паспешна ўцёк», – паведамляе чытачка.

Яна дадала, што святара ўзялі на службу ў гэтую бажніцу паводле рэкамендацыі менавіта таго чыноўніка, з якім яго пабачылі ў царкве. «Акрамя таго, як паведамляе чытачка, жонкі ўдзельнікаў скандалу пасля таго, як гісторыя разышлася па вёсцы, спрабавалі скончыць жыццё самагубствам», – паведамляе партал.

У царкве ў сяле Картузскае журналістам заявілі, што ўпершыню чуюць пра гэткі інцыдэнт, а ў адміністрацыі раёну адмаўляюцца ад каментароў, спасылаючыся на тое, што начальства ў адпачынку.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў