Расея бамбіць Сірыю вакуумнымі ды бочкавымі бомбамі


Войскі рэжыму Башара Асада разам з расейскімі ВКС нанеслі 50 удараў па паўстанцкіх раёнах Алепа, што прывяло да гібелі 32-ух і раненню 50-ці грамадзянскіх асобаў.

Расейскія вайсковыя самалёты і верталёты ВПС Сірыі скінулі дзясяткі вакуумных і «бочкавых» бомбаў на магістраль Касцілла, населеныя пункты Джыср Хадж, Бадыйін і Муйесір.

Паводле назіральнікаў, на поўдні ад Алепа, у раёне, дзе ісламісцкія баевікі змагаюцца з з сірыйскай арміяй, пацярпеў крушэнне вайсковы самалёт, аднак пакуль падрабязнасцяў няма, паведамляе «Reuters».

Алепа – самы буйны па велічыні горад у краіне да вайны, поўны кантроль над якім вельмі важны для Башара аль-Асада. Вайсковае ўмяшанне Расеі дапамагло яго ўраду ўтрымацца.

Чытайце больш >>> Расейцы бамбардуюць тайнікі тэрарыстаў з «ан-Нусры» на поўдні Алепа 

«Бочкавыя бомбы»: як забіваць малым коштам

Стандартная авіяцыйная бомба, якія мае на ўзбраенні сірыйскае войска, каштуе каля $ 1 тыс. Аднак за годы вайны супраць паўстанцаў падначаленыя Асада прыдумалі ўласнае ноу-хау, так званую «Barrel bomb», або «бочкавую бомбу». Па-сутнасці, гэта і ёсць бочка ад нафтапрадуктаў, у якую заліваюць выбуховую сумесь ды насыпаюць шрапнель, кавалкі жалеза, якія пры дэтанацыі служаць паражаючым элементам. Выраб такой бомбы не перавышае $ 300.

Але найгоршае ў гэтым «ноу-хау» тое, што такія бомбы немагчыма скідваць прыцэльна. І хоць мішэнню сапраўды можа быць вайсковы аб’ект паўстанцаў, бомба падае па непрадказальнай траекторыі, бо зазвычай не мае стабілізатараў. Праўрадавыя войскі бамбяць паселішчы і раёны гарадоў, якія знаходзяцца пад кантролем апазіцыі. У выніку масава гінуць цывільныя. Гэткім чынам Асад выкарыстоўвае «бочкавыя бомбы» не столькі дзеля знішчэння праціўніка, колькі дзеля застрашэння, у тым ліку, цывільных.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў