«Расея баіцца моцных». Тры гісторыі палітзняволеных крымскіх татараў


Журналістка belsat.eu сустрэлася са сваякамі крымскіх татараў, зняволеных па палітычных матывах.

Рэпрэсіі супраць татараў працягваюцца ў анексаваным Крыме ўжо чатыры гады. Паводле украінскіх праваабаронцаў, па сфабрыкаваных справах цяпер за кратамі знаходзяцца больш за 70 асобаў. У асноўным гэта маладыя мужчыны, часта – адзіныя кармільцы ў сям’і. Самы распаўсюджаны артыкул, які ім інкрымінуе расейская ўлада – тэрарызм. Максімальная санкцыя па ім – пажыццёвы тэрмін. Сілавікі працягваюць вобшукі ў дамах актывістаў, у офісах адвакатаў, што абараняюць вязняў, а незалежных журналістаў, якія распавядалі аб ціску на татараў, у рэгіёне фактычна не засталося.

Нягледзячы на гэта, у Крыме не спыняе дзейнасці «Крымская салідарнасць». Арганізацыя стыхійна ўтварылася пасля анексіі паўвыспы. Тыя, хто стаяў ля яе вытокаў – цяпер у сімферопальскім СІЗА. Але іхныя маці, сёстры і жонкі працягваюць справу. Можна з упэўненасцю сказаць, што сёння ў «Крымскай салідарнасці» – жаночы твар. Удзельніцы збіраюць грошы на дапамогу сем’ям арыштаваных, шукаюць юрыстаў, даглядаюць за дзецьмі, якія засталіся без бацькоў.

Мы сустрэліся са сваякамі палітзняволеных крымскіх татараў у Кіеве, ля будынку МЗС Украіны. Яны адмыслова прыехалі сюды з Крыму на некалькі дзён, каб сустрэцца з міністрам, дэпутатамі і праваабаронцамі. Неўзабаве Украіна можа афіцыйна надаць арыштаваным статус палітычных вязняў. Гэта дапаможа ўжо на міжнароднай арэне запатрабаваць ад РФ іх вызвалення.

Гісторыя 1. «Дастаткова проста быць крымскім татарынам, каб у тваю хату ўварваліся ўзброеныя да зубоў сілавікі»

Распавядае Мумінэ Саліева.

Мумінэ Саліева, фота belsat.eu

– Да падзеяў 2014 года мой муж, Сейран Саліеў, зарабляў тым, што вадзіў экскурсіі па нашым родным Бахчысараі. Філолаг па адукацыі, ён заўжды займаў актыўную пазіцыю: арганізоўваў святы ў горадзе, займаўся дабрачыннасцю. А я паступіла ў аспірантуру па эканамічнай спецыяльнасці і цяпер пішу дысертацыю. У нас была ідылія, чацвёра дзетак… Нашая сям’я жыла вельмі адкрыта, сябравалі не толькі з татарамі, але і з рускімі, з украінцамі. Людзі ведалі Сейрана і праз тое, што ён ладзіў збор грошай на лячэнне анкалагічных хворых.

У 2014 годзе пачаліся першыя ператрусы ў татараў. Тады мы зразумелі, што гэта прэамбула да маштабных рэпрэсіяў нашага народа і што татары, у сваёй большасці не прымуць новага ладу, не дазволяць сябе вынішчаць, стануць у авангардзе пратэсту. Новая ўлада таксама гэта зразумела. Мы з мужам перавялі сваю дзейнасць з грамадскай у палітычную сферу/

Сейнар і Мумінэ, фота з сацыяльных сетак

Пачалі фіксаваць усе парушэнні пры вобшуках, наведвалі суды над арыштаванымі. Паколькі ўсе свабодныя медыі сталі паступова зачышчаць, крымчакі апынуліся ў інфармацыйным вакууме. Акрамя пастоў і стрымаў у сацсетках, магчымасці даведацца аб чарговым вобшуку ў людзей проста не было. Нам пакінулі расейскія СМІ, якія распавядалі пра цудоўныя заробкі іншыя прывілеі для Крыму. Але для нас з Сейранам было важна казаць праўду, хаця рызыку, канешне, усведамлялі.

У 2016 годзе Сейран апавясціў людзей у мячэці аб тым, дзе праходзяць вобшукі. У траўні таго ж году, падчас ператрусу ў мясцовай кавярні «Салачык», падтрымаць гаспадара стыхійна прыйшлі некалькі сотняў чалавек. Майго мужа абвінавацілі ў арганізацыі незаконнага мітынгу і пакаралі штрафам у 20 тысяч рублёў (каля $300). Праз паўгады, у студзені 2017-га, раніцай дзверы нашай кватэры выламалі ўзброеныя ФСБшнікі і прадстаўнікі цэнтру «Э» (Галоўнае ўпраўленне па супрацьдзеянні экстрэмізму МУС РФ, – рэд.). Не паказаўшы пастановы, без тлумачэнняў, яны перавярнулі ўвесь дом. Потым высветлілася, што нагодаю сталіся аўдыязапісы, якія тыя знайшлі на старонцы мужа Вконтакте – песні чачэнскага барда Цімура Муцураева. За гэта Сейран атрымаў 12 содняў адмінарышту. Такім чынам нас хацелі не проста запужаць, а выціснуць з Крыму.

Але мы вырашылі застацца і на прыкладзе сваёй сям’і паказаць, што трэба змагацца і абараняць тых, каго незаконна прыгнятаюць.

У мінулым кастрычніку сілавікі ўварваліся да нас, на вачах дзяцей паклалі Сейрана на падлогу ў кайданках. Малодшай дачцэ было некалькі месяцаў. Гэтым разам яму інкрымінавалі «удзел у тэрарыстычнай арганізацыі» (арт. 205.5 ч. 2 КК РФ). Сказалі, што шукаюць зброю, а самі глядзелі дзіцячыя кніжкі. Вобшук яшчэ цягнуўся, але на старонцы ФСБ ужо з’явілася інфармацыя аб «раскрыцці ячэйкі». 11 месяцаў Сейран знаходзіцца ў СІЗА Сімферопаля.

Сейран Саліеў, фота RFE/RL

Не толькі ў справе майго мужа, але і ў іншых фігурантаў справы «Хізб ут-Тахрыр» доказная база адсутнічае. У матэрыялах абвінавачвання ёсць толькі «неўстаноўленыя месцы», «неўстаноўленыя асобы». Сведкі ж заявілі, што іх пагрозамі прымусілі даць паказанні.

Я пытаюся: а дзе закон? Сёння ўлада ў Крыме парушае свае ўласнае заканадаўства, не кажучы аб міжнародным праве. Людзей забіраюць за размовы на кухні і ў мячэці. Дастаткова проста быць крымскім татарынам, каб у тваю хату ўварваліся ўзброеныя да зубоў сілавікі.

Але страху няма. На пэўным этапе ты стамляешся баяцца. Па-першае, паводле нашай рэлігіі страх мусіць быць толькі перад Богам, па-другое, умацоўвае дух разуменне, што ты працуеш на карысць свайго грамадства.

Цяпер я з’яўляюся каардынатарам праекту «Крымскае дзяцінства». У выніку рэпрэсіяў 113 дзяцей засталіся сіротамі пры жывых бацьках. Мы дапамагаем ім развівацца, ладзім заняткі, чытанне кніг, каб яны хоць ненадоўга забыліся, якое злачынства ўчынілі над іхнымі бацькамі.

Гісторыя 2. «Тату забіраюць»

Распавядае Ліля Зэкір’яева.

– Жонка майго сына, Сервера Зэкір’яева, была цяжарная трынаццатым дзіцём, калі да іх прыйшлі з ператрусам. Зарабляў сын продажам ружаў, якія вырошчваў у сваёй аранжарэі.

Сын дапамагаў ладзіць мерапрыемствы для суседзяў, дзіцячыя імпрэзы падчас нашага вялікага свята Курбайн-байрам.

У кастрычніку 2017 года ў Бахчысараі арыштавалі адразу шэсць асобаў, сярод якіх быў мой сын. А шостай раніцы прыехалі сілавікі ў балаклавах, загналі вялікую машыну ў двор і пачалі вобшук. Санкцыю пракурора ніхто не паказаў. Дайшло да таго, што перавярнулі дзіцячыя ложкі, школьныя заплечнікі…

Я жыву не з імі. Унучка паспела патэлефанаваць мне і папярэдзіць «Тату забіраюць». Я прыехала, спрабавала патрапіць у дом, але сілавікі сталі ў шэраг і не прапусцілі мяне. Ператрус цягнуўся 5 гадзін. Калі яго вывелі пасля, то нават не дазволілі нам развітацца.

Сервера, разам з астатнімі 5 фігурантамі абвінавацілі ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі. Я мяркую, што сачэнне за імі вялося цягам году. Ведаеце, пры Украіне нас ніхто не чапаў…

Сваячкі палітвязняў. Дзіляра Абдуллаева – крайняя злева. Фота Кацярыны Андрэевай

Гісторыя 3. «Здраднік судзіць патрыёта»

Распавядае Дзіляра Абдуллаева.

– Наша сям’я прыехала ў Крым з Баку ў 1996 годзе і пасялілася ў сяле Строганаўка пад Сімферопалем. Мае двое сыноў, Узеір (44 гады) і Тэймур (43) – заслужаныя спартоўцы, Узеір – сусветна вядомы трэнер па таэкўандо, чэмпіён Украіны і Еўропы, мае адукацыю юрыста. Абодва сыны – палітзняволеныя. Амаль два гады яны знаходзяцца ў сімферопальскім СІЗА па абвінавачванні ў тэрарызме. У мяне на руках засталіся 9 унукаў.

Калі пачалі ціснуць на татараў, сыны заўжды прыходзілі на дапамогу. У кагосьці вобшук – Узеір і Тэймур там, побач з тымі, хто ў бядзе. Былі вельмі актыўнымі. Акрамя таго, абодва спавядаюць іслам, разам паломнічалі ў Мекку. Яны ўвесь час былі разам, разам скончылі Сувораўскую вучэльню і потым юрыдычны факультэт у Адэсе. Але захапіліся таэкўандо, атрымалі чорныя паясы і стварылі ў Сімферопалі федэрацыю гэтага віду спорту.

У іх школе здавалі нормы ГТО працаўнікі паліцыі, сілавых структураў. Калі іх арыштавалі, палова канваіраў былі іхнымі вучнямі.

Узеір Абдуллаеў, фота з сацыяльных сетак

Сыноў абвінавацілі, бо яны адмовіліся падпарадкоўвацца рэжыму Расеі, не пагадзіліся з тым, што адбылося… Мелі ўласнае меркаванне і як моцныя асобы выказвалі яго. Але ж Расея не можа кіраваць моцнымі, яны іх баіцца і штурхае за краты, навесіўшы ярлык «тэрарысты». Новай уладзе патрэбна выканаць «план па тэрарыстах», і веруючыя мусульмане ім пасуюць на ролю ахвяраў. Перасадзіўшы думаючых, годных хлопцаў, Расея пакідае сабе лаяльных.

За сынамі прыйшлі ў адзін дзень – 12 кастрычніка 2016 года. Дзеці спалі, іх паднялі і голых загналі ў кут аўтаматамі. Малодшай унучцы было 2 месяцы, яе нават не заўважылі ў ложку і скінулі на падлогу. Нявестка кінулася да іх, а над ёй АМАПавец перазарадзіў аўтамат і прашыпеў «Нам дазволена страляць». Сына вывелі з дому з мяшком на галаве.

Узеір – сапраўдны патрыёт Украіны. Калі ўсё пачалося, ён казаў мне «Я ж атрымліваў украінскі пашпарт!». Затое сілавікі, пракуроры, якія цяпер працуюць у Крыме, яшчэ некалькі гадоў таму насілі форму з украінскай сімволікай. Такія першымі здраджваюць радзіме. Вось і атрымліваецца, што цяпер здраднік судзіць патрыёта.

***

Найбуйнейшыя татарскія абшчыны ў Беларусі – у Клецку і Ів’і. Гэтым летам стала вядома, што імі зацікавіліся беларускія службы. Прадстаўнікоў дыяспары выклікалі на размову ў КДБ і распытвалі, ці маюць тыя сваякоў ва Украіне, ці ездзяць туды, ці адзначаюць свае нацыянальныя святы. Фармальна гэта робіцца на падставе «вывучэння міграцыйных патокаў». Кіраўнік Меджлісу, народны дэпутат Украіны Рэфат Чубараў не выключае, што падвышаная цікаўнасць КДБ звязаная з «разведвальна-дыверсійнай дзейнасцю расейскіх спецслужбаў».

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў