Расея афіцыйна паведаміла, што будзе збіваць украінскія ракеты ў Крыме


Расейскае Міністэрства абароны размясціла паведамленне пра захады ў адказ на ўкраінскія вучэнні ў Крыме. Адпаведнае папярэджанне Міністэрства абароны Расеі апублікавана ў сістэме апавяшчэння пілотаў і аэранавігацыйнай інфармацыі NOTAM.

У тэксце апавяшчэння сказана, што расейскія сістэмы супрацьпаветранай абароны будуць збіваць ракеты, выяўленыя ў зоне палётнай інфармацыі Сімферопалю і Адэсы ў межах украінскіх вучэнняў, запланаваных на 1-2 снежня.

«Калі запушчаныя ракеты будуць ствараць пагрозу для расейскіх абʼектаў у гэтай зоне (на зямлі, на моры або ў паветранай прасторы), будзе нанесены зваротны ўдар дзеля знішчэння пускавых установак», – гаворыцца ў паведамленні.

Тэрмін дзеяння апавяшчэння: ад 12:30 да 14:30 чацвярга 1 снежня паводле маскоўскага часу.

Пра гатовасць збіваць украінскія ракеты, калі ад іх будзе зыходзіць небяспека, «Ведомостям» распавёў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.

25 лістапада Украіна абвясціла аб правядзенні ракетных вучэнняў над акваторыяй Чорнага мора. У Кіеве пазначылі зону абмежаванняў для палётаў, якая заходзіць у паветраную прастору Расеі. Пры гэтым ва Украіне падкрэслілі, што лічаць сваім усю паветраную прастору Крыму аж да Керчанскага праліва.

У Канцы лютага 2014 года расейскія ўзброеныя сілы ўзялі пад кантроль стратэгічныя абʼекты ў Крыме: аэрапорты, будынкі адміністрацыі, узялі ў аблогу вайсковыя часткі. У сакавіку на паўвостраве правялі рэферэндум, на падставе вынікаў якога ў аднабаковым парадку была абвешчаная незалежная Рэспубліка Крым, якая падпісала з Расеяй дамову аб уваходжанні ў склад РФ.

Большасць дзяржаў-чальцоў ААН не прызнае крымскага рэферэндуму ў 2014 годзе. Заходняя супольнасць («Вялікая сямёрка», дзяржавы-чальцы НАТО, Еўразвязу, Рады Еўропы) расцаніла дзеянні Расеі як агрэсію, анексію часткі ўкраінскай тэрыторыі, парушэнне яе тэрытарыяльнай цэласнасці.

15 красавіка 2014 года Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон, які абвясціў Крым і горад Севастопаль тэрыторыямі, акупаванымі ў выніку «ўзброенай агрэсіі Расейскай Федэрацыі». Сёлета Міжнародны крымінальны суд у Гаазе прыраўняў анексію Крыму да ваеннага канфлікту.

МЯ, паводле meduza.io

Стужка навінаў