Расея адправіла чарговы «гуманітарны канвой» на Данбас


Расея ў аднабаковым парадку адправіла чарговы (ужо 67-ы) «гуманітарны канвой» на Данбас. З 7.05. да 7.40. праз расейскі пункт пропуску «Данецк» на непадкантрольную Кіеву тэрыторыю прайшоў канвой у складзе 21 аўтамабіля.

Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, перамяшчэнне «гумканвою» адбывалася з грубым парушэннем нормаў міжнароднага заканадаўства.

Украінскія памежнікі адзначаюць, што афіцыйна ў гумканвою перавозілі медыкаменты, будаўнічыя матэрыялы і мастацкую літаратуру. Аднак груз перамяшчаўся ў закрытых упакоўках, таму дакладна ягоны склад невядомы. Акрамя таго, загружанасць транспартных сродкаў складала толькі 50 – 60%.

Украінскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што Расея пад выглядам гумканвояў накіроўваюць у ДНР і ЛНР зброю. Эксперты заўважылі, што пасля прыбыцця такіх канвояў звычайна пачынаецца абвастрэнне на фронце, баевікі пераходзяць да больш актыўных дзеянняў. На зваротным шляху аўтамабілі гуманітарнага канвою вывозілі абсталяванне данбаскіх прадпрыемстваў, сцвярджаюць у Кіеве.

Разам з тым сёння на Данбасе была накіраваная чарговая партыя гуманітарная дапамогі ад місіі Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа. Гэты канвой прайшоў праз Украіну. Праз кантрольны пункт «Наватроіцк« прайшлі 18 грузавых аўтамабіляў з гуманітарным грузам (прадукты харчавання, будаўнічыя матэрыялы і медыцынскія сродкі агульнай вагой 298 тон).

На мінулым тыдні міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір Вашчанка заявіў, што Беларусь і Украіна дамовіліся аб перадачы гуманітарнай дапамогі без пасярэднікаў, а афіцыйны Кіеў створыць усе ўмовы, каб беларускія канвоі бесперашкодна праходзілі мяжу.

У траўні Беларусь ужо накіравала насельніцтву Украіны, якое пацярпела падчас канфлікту ў зоне баявых дзеянняў, гуманітарную дапамогу.

ІІ, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў