Расея абяцае Арменіі, дзе трывае сацыяльны крызіс, грошы на пакупку зброі


Падчас актыўнай фазы электрапратэстаў у Арменіі з’явілася паведамленне, што Масква дасць Ерэвану крэдыт памерам $ 200 млн на пакупку зброі. Сярод магчымых узбраенняў – пастаўка ракетных комплексаў «Іскандэр-М», паведамляюць карэспандэнты «Белсату» з Ерэвану.

Чаму падчас сацыяльнага крызісу, які быў справакаваны дачкою расейскай кампаніі «Інтер РАО», кампаніяй «Электрычныя сеткі Арменіі», наагул узнікла тэма ўзбраенняў? І што думаюць армяне пра стасункі з Масквою?

32,5 % жыхароў Арменіі або каля 1 млн асобаў жывуць на мяжы беднасці. Паводле звестак Нацыянальнай статыстычнай службы іхны штомесячны заробак складае каля 39 тыс. драм. Гэта менш за $ 100 на месяц. Ранейшай стратэгіяй армянаў супраць эканамічнай і сацыяльнай палітыкі ўладаў была эміграцыя. Цяпер, кажуць, засталіся толькі тыя, хто ўжо проста не з’едзе з краіны.

Глядзіце таксама відэа: Армянскі журналіст Юрый Манвэльян распавядае пра падабенства і адрозненні пратэстаў у Ерэване і Майдану ў Кіеве

АНТОН ІЎЧАНКА, АКТЫВІСТ РУХУ «ЭЛЕКТРЫКЕРЭВАН»:

«Няма куды ехаць, ды і навошта? Сацыяльныя праблемы і палітычныя яны ёсць паўсюль. Паехаць туды і там уладкавацца паспакайней… Тут таксама можна ўладкавацца паспакайней. Навошта тады пратэставаць? Бо ўладкоўваючыся паспакайней, трэба будзе проста «цягнуць лямку», з кожным годам будзе станавіцца ўсе горш».

Палітыка афіцыйнага Ерэвану, у адрозненне ад Менску, – гэта не арэлі паміж Усходам і Захадам, а спроба размаўляць з усімі. З папраўкаю на тое, што 2 з 4 межаў закрытыя. Ролю Расеі ў рэгіёне тлумачыць «Белсату» дырэктар Інстытуту Каўказу, палітолаг Аляксандр Іскандар’ян.

АЛЯКСАНДР ІСКАНДАР’ЯН, ДЫРЭКТАР ІНСТЫТУТУ КАЎКАЗУ, ПАЛІТОЛАГ:

«У Расеі 2 інструменты ўплыву на сітуацыю ў рэгіёне – гэта зброя і кошты на газ. Апелюючы гэтымі 2 інструментамі, яна ўтрымлівае сітуацыю ў такім варыянце, у якім яна застаецца ў нашым рэгіёне».

Што да ЕўрАзЭс, які аб’ядноўвае і Менск, і Ерэван, – гэты праект тут ацэньваюць вельмі крытычна.

АЛЯКСАНДР ІСКАНДАР’ЯН, ДЫРЭКТАР ІНСТЫТУТУ КАЎКАЗУ, ПАЛІТОЛАГ:

«Альтэрнатывы заўсёды існуюць. Мы ўступалі ў СНД. Што цяпер з сябе ўяўляе СНД? Я не ведаю, што будзе з ЕўрАзЭс праз 10 гадоў. Будзе гэта фармальная арганізацыя або рэальная».

Агулам грамадства больш цвяроза стала глядзець на армянска-расейскія дачыненні, кажа мясцовы журналіст Саргіс Арутюньян і дадае, гэта можа прагучаць банальна, але толькі цяпер у Арменіі пачалі разумець, што ў кожнай краіны могуць быць свае інтарэсы.

САРГІС АРУТ’ЮНЬЯН, ЖУРНАЛІСТ РАДЫЁ «AZATUTYUN»:

«Раней прарасейскія настроі былі вельмі моцныя тут, у Арменіі. Я не магу сказаць, што цяпер антырасейскія настроі. Але магу сказаць, што армянскае грамадства больш аб’ектыўна ацэньвае ролю Расеі».

І заўважае: безумоўна, тут бачаць, што Расея прадала зброю Азербайджану за апошнія гады на суму $ 5 млрд.

На пачатку 90-ых гадоў, калі Савецкі Саюз распаўся, армяне кажуць, што было вельмі няёмка тым, хто размаўляў па-расейску. Дакладней сорамна. Цяпер нешта падобнае, калі людзі размаўляюць пра палітычныя стасункі з Масквою. Кажуць: безумоўна, мы саюзнікі, але адзін плюс дае тры мінусы.

АН, АБ, «Белсат», Ерэван

Стужка навінаў