«Расейцы самі сабе нашкодзілі, адмовіўшыся ад вышыванкі»


Фільм «Спадчына нацыі» паказаны ўжо ў шэрагу еўрапейскіх краінаў, а зараз прывезены і ў Беларусь. У адкрытым доступе ён з’явіцца толькі ў лістпадзе. 27 і 28 кастрычніка а 19.30 праходзяць паказы стужкі на «АртСядзібе» з удзелам рэжысёра Аляксандра Ткачука.

Стужка складаецца з чалавечых гісторыяў, звязаных з вышыванкай. Чаму на Заходняй Украіне пасля вайны савецкія органы пераследвалі за захоўванне вышытай сарочкі? Як у ГУЛАГу вышыванкі рабіліся з лагерных прасцінаў? Хто робіць вышыванкі для жаўнераў ды перадае на фронт? Як вышыванка аб’ядноўва расейскамоўных ды ўкраінамоўных крамадзянаў краіны?

aliaksandr-tkaczuk

Адказы на пытанні можна ўбачыць і пачуць, паглядзеўшы фільм. А рэжысёр стужкі Аляксандр Ткачук падзяліўся сваімі мераваннямі пра феномен вышытай кашулі з чытачамі «Белсату».

Украінцы апранаюць вышыванку, але не ведаюць чаму

ahulnyja-fota-2Мы арганізоўваем сусветны Дзень вышыванкі, які праходзіць у трэці чацвер траўня штогод. Свята пачыналася з маленькай акцыі – 20 студэнтаў універсітэту ў Чарнаўцах – і разраслося за 10 год да таго, што зараз яго адзначаюць у 60 краінах свету. Усе ведаюць, што ўкраінцы на хвалі патрыятызму апранаюць сарочкі. Але не разумеюць чаму, што яно значыць? Мы ж таксама ведалі мала, таму і ўзяліся за здымкі.

Вышыванка і мова – з’явы аднаго плану

Вышыванка, мабыць, як і мова выжыла на працягу тысячагоддзяў. Як і за мову, за вышыванку людзей забівалі, катавалі, неадэкватна ўспрымалі… Фільм акурат пра гэта, бо для нацыі гэта з’явы аднаго плану.
Вышыванка – каб схавацца і прыстасавацца

На жаль, шмат людзей ва Украіне апранаюць вышыванкі, каб прыкрыцца патрыятызмам, але насамрэч гэта нашы апаненты, ворагі… Гэта датычыць тых жа палітыкаў. Не кожны, хто носіць вышыванку, патрыёт, гэта можа быць замыльванне вачэй. Часта гэта людзі з савецкім мінулым і расейскім мысленнем, але жывучы ва Украіне вышыванка ім патрэбная, каб схавацца і прыстасавацца.

«Тэрыторыя вышыванкі»

ahulnyja-fota-6Насамрэч, вышыванка была пашыраная не толькі ва Украіне, але і ў Беларусі, Расеі, Польшчы, Румыніі. Цэнтральная і Ўсходняя Еўропа – гэта «тэрыторыя вышыванкі». Але чамусьці ўкраінцы праз вышыванку пакутвалі найбольш… Можа ў Беларусі таксама такое было, але забылася і толькі зараз выплывае.

Калі цяжка – людзі звяртаюцца да традыцыяў

У нас, лічы, таксама забыліся на вышыванку. Ёсць такая прыкрая рыса: калі цяжка, людзі ўзгадваюць, што трэба быць патрыётам, трымацца разам, памятаць пра карані і г.д. Так было на пачатку 90-х пасля здабыцця незалежнасці. Украінцы выходзілі ў вышыванках, са сцягамі… Пасля, калі стала троху лягчэй, усё забылася. А зараз – зноўку.

Беларускія ўлады разумеюць, што трэба звяртацца да каранёў

ahulnyja-fota-1У Беларусі тая самая сітуацыя. Так, усё зрусіфікавана, але для нацыі вельмі важна зберагчы свае звычаі і культуру, каб самазахавацца. Таму зараз нават улады ў вас разумеюць, што трэба да гэтага звяртацца. І калі Расея будзе казаць пра брацтва, беларусы адкажуць: «Паглядзіце, а паміж намі ёсць розніца!» Тут, зноў жа, і пра вышыванкі, і пра мову.

Расейцы маюць касавароткі, але не носяць

Цікава, што расейцы, таксама маючы ў традыцыі вышыванкі, іх не носяць. Бо ёсць украінцы, якія іх любяць і носяць, і калі расеец апране сваю касаваротку, значыць ён таксама «бандэравец» і «фашыст». Такім чынам яны адмовіліся ад свайго, самі сабе нашкодзілі.

Вышыванка – гэта пазіцыя

Сучаснаму чалавеку цяжка ўсё ведаць. Больш за тое, няма дакладных тлумачэнняў, што значыць той ці іншы ўзор. Адзін навуковец кажа, што гэты сімвал значыць тое і тое, ужо надаючы аднаму сімвалу некалькі значэнняў. Іншы мае сваю канцэпцыю і накідвае яшчэ некалькі значэнняў… Гэта не прынцыпова. Важна, што чалавек, калі апранае нават машынную ці друкаваную вышыўку, падкрэслівае прыналежнасць да сваёй нацыі. Вышыванка – гэта пазіцыя.

Галоўнае – сувязь пакаленняў

Хай сёння маладзён набудзе футболку з друкам. Моладзь любіць футболкі і гэта класна! Заўтра, як будуць грошы, замовіць сабе вышыўку. Пазней хлопец або дзяўчына задумаецца: «А што гэта значыць?» Магчыма, зацікавіцца, пачне капаць. А галоўнае – апране ў вышыванкі сваіх дзяцей і прадоўжыць традыцыю. Так, праз сувязь пакаленняў, і перадаецца спадчына нацыі.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары