«Расейцы прыязджаюць у Беларусь, як да індзейцаў, з пацеркамі»


Гутарым з рэжысёрам культавага фільму «Звычайны прэзідэнт» Юрыем Хашчавацкім пра адносіны Беларусі ды Расеі. На «Белсаце» толькі што адбылася прэм’ера яго новага фільму «Гэты шалёны, шалёны, шалёны «русский мир».

– Шмат хто ў Беларусі, уключаючы ўлады, транслююць каштоўнасці «рускага свету». Як доўга нам удасца захоўваць незалежнасць?

– Беларускія ўлады зусім не заклапочаныя захаваннем незалежнасці Беларусі. Іх хвалюе захаванне ўласнай незалежнасці. Бо яшчэ за Кебічам пачалася планамерная здача Беларусі Расеі. Усе гэтыя размовы пра сумесную валюту, пра гэтае братэрства… Знялі межы. Прыціснулі нацыянальную апазіцыю. Зачынілі школы з беларускай мовай навучання.

Да 1999 году гэты працэс ішоў вельмі хуткімі тэмпамі, бо Лукашэнка спадзяваўся ўзначаліць Саюз Беларусі ды Расеі. І таму рабіў усё, каб прывязаць Беларусь да Расеі, перадусім у гаспадарчым сэнсе. Цалкам відавочны і ваенна-палітычны саюз. Нават нягледзячы на ​​тое, што ён не робіць заяваў ні па Грузіі, ні па Украіне. Паглядзіце, як [свабодна] пачуваецца расейскае войска тут, усе гэтыя вучэнні і гэтак далей.

Гэта значыць, у ваенна-палітычным і гаспадарчым сэнсе гэтую незалежнасць наша ўлада ўжо амаль здала. І адзіная сіла, якая змагаецца за незалежнасць Беларусі, – гэта апазіцыя і беларускае грамадства, найбольш свядомыя асобы. Адстойваць нашую незалежнасць прыйдзецца яшчэ вельмі доўга, але ні ў якім выпадку не спадзявацца на ўладу.

Юры Хашчавацкі. Фота belaruspartisan.org

Прыкладна так паступілі 100 гадоў таму нашыя продкі, абвясціўшы Беларускую Народную Рэспубліку. Ці «рускі свет» існаваў ужо тады?

– Тады ён так не аформіўся, як гэта адбылося на нашых вачах. Сёння гэта словазлучэнне неабходна ўзяць у двукоссе. Таму што «рускі свет», пра які я кажу ў фільме, расейскія ўлады спарадзілі, калі ўварваліся ў Грузію, зладзілі істэрыкі на тэлебачанні, акупавалі Крым, агрэсіўна напалі на Украіну.

100 гадоў таму заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі хацелі вырвацца з кайданоў Расейскай імперыі. Бо гэта здарылася ўсяго праз 54 гады пасля паўстання Каліноўскага. А да яго было паўстанне Касцюшкі.

Нашыя людзі павінны ведаць, што калі ім кажуць: беларусы і расейцы – гэта заўсёды было адное цэлае, гэта адзін і той жа свет – нічога падобнага!

Беларускія землі да нападу на іх прагнай Расейскай імперыі, якая хапае ўсё, што знаходзіцца побач, уваходзілі ў еўрапейскую структуру. Былі гарады з магдэбургскім правам. Бо дэмакратыя, лібералізм развіваліся ў гарадах. Таму што іх жыхары, аб’яднаныя ў цэхі ды суполкі, вучыліся шанаваць інтарэсы адзін аднаго. Адсюль бярэ пачатак ідэя вяршэнства закону.

Што тычацца Расейскай імперыі, – гэта зусім іншы імпульс. Гэта феадалы, галоўны інструмент якіх – валоданне людзьмі. З гэтым яны і прыйшлі да нас, і не так ужо даўно. Але вядома, Расейская імперыя адкінула беларускія землі на шмат дзесяцігоддзяў, а нават і стагоддзяў назад.

– Ці ўдасца беларусам калі-небудзь вызваліцца ад «рускага свету»? Бо калі спытаць мінакоў на вуліцах гэтых самых гарадоў, большасць адкажа, што мы – адзін народ.

– Ваяваць што з расейцам, што з літоўцам, з палякам ці эстонцам – няправільна. Гэта ксенафобія. Мы павінны змагацца з канцэпцыяй «рускага свету» – валодання людзьмі, халопства, нявольніцтва, жорсткасці, беззаконня. Ці зможа Беларусь вызваліцца ад гэтай імперскай каламуці, што сюды прасочваецца праз расейскія федэральныя тэлеканалы і ў выглядзе яе прадстаўнікоў, якія прыязджаюць сюды, нібыта белыя людзі да індзейцаў, з пацеркамі? Маса канфліктаў выбухае ў сувязі з гэтым…

– Вы маеце на ўвазе турыстаў з Расеі ці службовых асобаў?

– Простых турыстаў. Бо яны хворыя ўсведамленнем імперскай сваёй выключнасці. Ці зможа Беларусь вызваліцца ад «рускага свету»? Безумоўна, зможа. Пытанне: як гэта зрабіць?

– І вы ведаеце адказ?

– Па-першае, вяртанне да сваёй нацыянальнай культуры. Мова вельмі важная. Гэта не значыць, што людзей трэба прымушаць. Я нават прыхільнік таго, каб не чапаць дзяржаўнае двухмоўе. Трэба проста да гэтага закона прыпісаць тлумачэнне, што любая асоба, якая працуе ў бюджэтнай сферы, мае абавязак валодаць абедзвюма мовамі. Выбіраць мову павінен не ўрадовец, а чалавек.

Другое: лібералізацыя. Трэба даць людзям нагуляць тлушчык, што называецца. Адкрыць сваю справу, стаць сапраўдным сярэднім класам. Хто ў нас цяпер сярэдні клас? Урадоўцы. А насамрэч гэта мусяць быць асобы, якія прымушаюць дзяржаву прымаць законы, якія іх задавальняюць.

Юры Хашчавацкі падчас здымак фільму «Гэты шалёны, шалёны, шалёны “русский мир”». Фота з архіву Юрыя Хашчавацкага

– Таму ўлады і не даюць развівацца гэтаму сярэдняму класу.

– Не трэба баяцца, што мы залежым ад гаспадаркі Расеі. Бо сярэдні клас будзе з расейскімі прадпрымальнікамі рабіць агульную справу. Але ён будзе незалежны і будзе вырашаць пытанні на сваёй зямлі. Паглядзіце: кітайцы цяпер сур’ёзна развіваюць у нас свае прадпрыемствы. Але гэта ж прышлыя людзі. І адразу ж паўстае праблема экалогіі. Гэта ж не на іх зямлі. А беларускага прадпрымальніка гэта будзе хваляваць, бо яго сямʼя, дзеці і ўнукі будуць жыць тут. Вось якім чынам трэба вызваляцца ад імперскага.

Мы гутарым з вамі ў першай чвэрці ХХI стагоддзя, калі ўсе дэмакратычныя дзяржавы пачынаюць уніфікаваць сваё заканадаўства, сціраюцца межы. І гэта вельмі добры працэс. Нас жа спрабуюць падмануць: урадоўцы кажуць, маўляў, мы таксама абʼядноўваемся ў ЕўрАзЭС. Але гэта, сябры, не тое абʼяднанне. Яно дзейнічае на прынцыпах імперыі.

– Як жа нам выгадаваць сярэдні клас, калі ўлады ўвесь час душаць бізнес?

– Пакуль мы не прыбярэм гэтую ўладу, гэтыя працэсы не змогуць пачацца.

– То бок спачатку беларусы павінны выціснуць з сябе нявольніка. Ці гэта доўгі працэс?

– Як запісана ў гісторыі чалавецтва пра 40 гадоў па пустэчы, каб з’явіліся два пакаленні, якія не ведаюць нявольніцтва. Калі лічыць з 1991 года, пайшло другое пакаленне пасля змены таталітарнай сістэмы. Але гэтым асобам усяго тры гады было, а з 1994 зноў пайшлі мы ў бок дыктатуры. Трэба гадаваць моладзь. Мы, старэйшае пакаленне, толькі ўсведамляем, што трэба, каб людзі раслі свабоднымі, у тым ліку і ўнутрана. Але гэты нявольнік у нас яшчэ сядзіць. А ў маладых яго ўжо не будзе. Трэба змяніць гэтую ўладу. Я не ведаю як. Але калі грамадства захоча, яно гэта зробіць. Проста адмовіцца плаціць падаткі, перастаць падтрымліваць гэтую ўладу, і яна абрынецца.

– Пакуль што крыху нагадвае ўтопію. А пра што будзе ваш наступны фільм?

– У мяне асабліва не было ніякіх планаў. Але менавіта сёння, пасля вашага пытання, сядзеў і думаў: цікава, якімі інструментамі з чалавека робяць ідыёта? Бо гэта не толькі хлусня на тэлебачанні. Гэта, напрыклад, папса. «Ой ла-ла, ой ла-ла – плохо маму слушала». І я вырашыў, што файна было б даследаваць, як з грамадства зрабіць дэбільныя статак. Рабочая назва фільма – «Школа варʼяцтва». Людзі павінны разумець, з якога боку іх атакуюць, каб умець абараніцца.

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў