Расейцаў не пусцілі ва Украіну праз георгіеўскую стужку


Учора ўвечары ў кіеўскі аэрапорт «Барыспаль» з Менску прыляцелі грамадзяне Расеі, але трапіць ва Украіну ў іх так і не атрымалася.

Для перасячэння мяжы расейцы мелі неабходныя дакументы. Але на валізах турыстаў памежнікі заўважылі прымацаваныя георгіеўскія стужкі, якія забароненыя ў Украіне.

«Па просьбе зняць гэтую сімволіку расейцы адрэагавалі негатыўна», – распавядаюць у памежнай службе Украіны.

У сувязі з гэтым памежнікі адмовілі ім у перасячэнні дзяржаўнай мяжы. Расейцам прыйшлося ўзяць свае валізы са стужкамі і вярнуцца зваротным рэйсам у Менск. Інфармацыю пра іх памежнікі таксама перадалі ў паліцыю. У дзеяннях расейцаў утрымліваюцца прыкметы правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 173-3 КоАП Украіны «Выраб і прапаганда георгіеўскай (гвардзейскай) стужкі». За георгіеўскую стужку ва Украіне можна атрымаць штраф, а калі правапарушэнне здзейсненае паўторна цягам году, то можна яшчэ атрымаць і адміністратыўны арышт тэрмінам да 15 содняў.

«Дзяржаўная памежная служба Украіны звяртаецца да гасцей нашай краіны, паважаць грамадзянаў Украіны і выконваць законы Украіны. У адваротным выпадку памежнікі будуць вымушаныя адмовіць у перасячэнні дзяржаўнай мяжы Украіны», – адзначаюць украінскія памежнікі.

ГА, belsat.eu паводле dpsu.gov.ua

Стужка навінаў