Расейскія журналісты ва Украіне маскуюцца пад беларусаў


Праўду пра камуфляж з іх выбілі рэпарцёры тэлеканалу TSN.

Карэспандэнты расейскіх тэлеканалаў разам са здымачнымі групамі з іншых каналаў прыехалі на месца пажару на нафтабазе пад Кіевам.

«У сваіх сюжэтах з месца падзей яны агучваюць найгоршыя магчымыя сцэнары ад эколагаў, якія сёння толькі можна было сустрэць у прэсе: кіслотныя дажджы, атручванні і ракавыя захворванні», – апісвае іх працу ўкраінскі тэлеканал TSN.

Аднак журналісты не хочуць прызнавацца, што прадстаўляюць расейскія СМІ. На іх мікрафонах і камерах няма характэрных для тэлебачання лагатыпаў.

«Мы не расейскія СМІ, – запэўнівае калегу з Украіны журналістка, якая толькі што запісала стэнд-ап перад камерай. – А адкуль вы? – пытаецца ўкраінка. – З Беларусі, – з усмешкай адказвае тая.

Дзяўчына адмовілася паказаць журналісцкае пасведчанне. Толькі па нейкім часе называе сваё імя і прозвішча і прызнаецца, што з’яўляецца спецыяльным карэспандэнтам каналу «Расея-24». Другая журналістка пазбягае кантакту з украінскімі калегамі, якія ідэнтыфікавалі яе як карэспандэнтку «РТР».

ЧГ, belsat.eu/pl/tsn.ua

Стужка навінаў