Расейскія вайскоўцы выдалі новую версію пра збіты Боінг. Гэта ўжо фэйк №7?


Міністэрства абароны Расеі абвесціла, што ракету зенітнага комплексу «Бук», якой, па версіі міжнародных следчых, збілі рэйс MH17, у 1986 годзе адправілі ўва Украіну.

Згодна з паказанымі дакументамі, 29 снежня 1986 года ракету адправілі ў вайсковую частку, размешчаную ў Прыкарпацкай ваеннай акрузе. Паводле Расеі, цяпер гэтая частка існуе як 223-й зенітнай ракетны полк Украіны.

«Ракета належыць Узброеным сілам Украіны, і на тэрыторыю Расеі не вярталася», – заявіў кіраўнік Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення Міністэрства абароны Расеі, генерал-лейтэнат Мікалай Паршын.

Расейскае ведамства таксама сцвярджае, што відэазапісы, на якіх паказана транспартаванне комплексу «Бук» па тэрыторыі Украіны, былі сфальсіфікаваныя. Вайскоўцы сцвярджаюць, што ў відэа парушаныя прынцып перспектывы і распаўсюджвання святла – маўляў, выяву «Бука» уклеілі ў відэа.

Афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Ігар Канашэнкаў таксама прадставіў аўдыязапіс, на якой, па яго словах, украінскія ваенныя ў 2016 годзе (праз два гады пасля крушэння «Боінга») абмяркоўваюць наладу радыёлакацыйнай станцыі і асцерагаюцца паўтарэння сітуацыі з катастрофай MH17.

Паводле расейцаў, голас на стужцы належыць украінскаму палкоўніку Руслану Грынчаку, які да 2015 года ўзначальваў 164-ю радыётэхнічную брыгаду. Яе радыёлакацыйныя станцыі кантралявалі паветраную прастору над Данбасам.

У запісе не вядзецца пра катастрофу, але, на думку Канашэнкава, фраза Грынчака «аб новым малайзійскім Боінгу» кажа аб дачыненні палкоўніка да здарэння.

Злачынства і шэсць расейскіх фэйкаў

Прарасейскі сепаратыст побач з рэшткамі «Боінгу»

17 ліпеня 2014 года над украінскай тэрыторыяй недалёка мяжы з Расеяй быў збіты самалёт «Малайзійскіх авіялініяў», які выконваў рэйс з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур. На борце знаходзілася 298 чалавек.

Міжнародная следчая група ў крушэнні самалёту абвінаваціла Расею. Следчыя выявілі, што ракетны комплекс «Бук», з якога збілі лайнер, прывезлі ўва Украіну з курскай вайсковай часткі, а потым вывезлі назад у Расею.

Расейскія ўлады паслядоўна адмаўляюць, што малайзійскі «Боінг» збіў расейскі «Бук». А ўва ўкраінскіх сепаратыстаў, паводле Масквы, няма зброі, якая б дазволіла збіваць такія высокія цэлі. Ужо ў першыя гадзіны пасля падзення самалёту ў расейскія медыях пачалі з’яўляцца больш або менш канспіралагічныя тэорыі пра тое, што было прычынай катастрофы.

Іспанскі дыспетчар

Ужо ў дзень катастрофы старонка «Russia Today» апублікавала допіс у «Тўітэры» «іспанскага дыспетчара» ў Кіеве аб тым, што за некалькі хвілін да крушэння «Боінга» побач з ім былі заўважаныя ўкраінскія ваенныя самалёты.

Паведамленне падхапілі іншыя расейскія медыі. Неўзабаве акаўнт «дыспетчара» прызналі фэйкам і заблакавалі.

Самалёт Пуціна

Яшчэ адной версіяй, якая атрымала вялікі распаўсюд у расейскіх медыях, стала тэорыя, што імаверным цэлям ракеты, якая збіла «Боінг», быў борт прэзідэнта Расеі, які вяртаўся з лацінаамерыканскага турнэ.

Мёртвыя пасажыры

Некаторыя медыі са спасылкай на «відавочцаў» і аднаго з тагачасных лідараў сепаратыстаў Ігара Стралкова падавалі, што пасажыры «Боінга» былі мёртвыя яшчэ да падзення.

«Украінскі “Бук”»

21 ліпеня 2014 года расейскія дзяржаўныя тэлеканалы заявілі, што, паводле звестак расейскіх вайскоўцаў, групоўка ўкраінскіх зенітных комплексаў «Бук» напярэдадні трагедыі з’явілася ў Данецкай вобласці і неўзабаве пасля яе знікла.

Бомба на борце

29 ліпеня 2014 года тэлеканал «LifeNews» паведаміў, што на борце «Боінга» выбухнула бомба.

«Я практычна ўпэўнены, што самалёт быў знішчаны знутры, і гэта была спецаперацыя», – заявіў тады ў эфіры тэлеканалу эксперт федэральнага інфармацыйнага цэнтру «Аналітыка і бяспека» Сяргей Сакалоў.

Фотаздымак са спадарожніка

Фэйкавы фотаздымак, як доказ віны Украіны

У лістападзе 2014-га версію аб украінскім «Буку» змяніла новая – аб ракеце «паветра–паветра»

Вядоўца праграмы «Однако» Міхаіл Лявонцьеў заявіў, што ў распараджэнні «Першага канала» аказаўся сенсацыйны здымак, меркавана зроблены замежным спадарожнікам-шпіёнам у апошнія секунды палёту малайзійскі «Боінга» над Украінай«. На фотаздымку, адзначыў вядоўца, »выразна бачны пуск ракеты з-пад левага крыла« знішчальнікі «МіГ-29» наўпрост у кабіну лётчыкаў«.

Расейскі блогер Ілля Варламаў прыйшоў да высновы, што здымак – фэйкавы.

ДД

Стужка навінаў