Расейскія праваабаронцы кажуць, што іхную калегу затрымалі ў цягніку на літоўска-беларускай мяжы (Абноўлена)


Чальца расейскага прэзідэнцкага Савету ў правах чалавека і заснавальніцу асацыяцыі «Голас» Лілію Шыбанаву знялі з цягніка ў Беларусі. Доўгі час з ёю не было сувязі. Чальцы Савету маюць намер звярнуцца да расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

Цяпер сувязь з Ліліяй Шыбанавай зноў узноўленая, напісаў у сваім «Фэйсбуку» прадстаўнік руху «Голас» Раман Удот. Спадарыня Шабанава ўжо ў Маскве і хутка мае даць інтэрв’ю пра тое, што адбылося.

Затрыманне расейскай дзяячкі адбылося на беларускай станцыі Гудагай, недалёка ад мяжы з Літвой.

«Па наяўных звестках, Шыбанаву змусілі пакінуць цягнік, на якім яна ехала ў Маскву для ўдзелу ў пасяджэнні Савету па правах чалавека на тэму грамадзянскага ўдзелу ў маніторынгу выбараў, прызначаным на 16 траўня. Яе мабільны тэлефон адключаны», – напісалі праваабаронцы.

Савет па правах чалавека звернецца да прэзідэнта. Праваабаронцы адзначылі, што правы і законныя інтарэсы Шыбанавай былі «груба парушаныя невытлумачальнымі дзеяннямі беларускіх уладаў».

У той жа час у Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі паведамілі, што Шыбанава пасля праходжання памежнага і мытнага кантролю зʼехала на таксі.

«Яе ссадзілі з цягніка, мытня правяла агляд. А 23:30 яна зʼехала з пункта пропуску на таксі», – распавёў «Інтэрфаксу» прэс-сакратар Памежнага камітэту Беларусі Аляксандр Цішчанка. Ён назваў дагляд штатнай сітуацыяй.

Напярэдадні палітолаг Аляксандр Кынеў паведаміў, што Шыбанова распавяла праз тэлефон, што яе знялі з цягніка і даглядаюць, аднак размова была спыненая.

У 2014 годзе асацыяцыю «Голас» прызналі ў Расеі замежным агентам і ўключылі ў адпаведны рэестр Міністэрства юстыцыі. «Голас» фактычна спыніў працу ад асобы асацыяцыі ды трансфармаваўся ў рух.

МЯ, паводле tvrain.ru

Стужка навінаў