Расейскае прапагандыстскае кіно: Здзекуецца з Беларусі і скажае гісторыю


«Белсат» абмеркаваў з беларускімі кіношнікамі расейскае кіно, якое нам не патрэбна.

Пакуль Дзяржкіно Украіны забараняе чарговыя расейскія фільмы і серыялы, украінскія журналісты разважаюць, якое яшчэ расейскае кіно трэба выкрасліць з пракату. Напрыклад, Espreso.tv узгадвае папулярны фільм «Брат-2», «у якім навязваецца вобраз паганага ўкраінца і такім чынам фармуецца варожасць да Украіны».

Дык можа варта і нам змяніць сваё стаўленне да расейскага кінематографа? Ці ёсць нейкія расейскія стужкі, што абражаюць беларусаў і ствараюць негатыўны вобраз нашай краіны, belsat.eu пытаецца ў кінакрытыка Максіма Жбанкова.

ТОП-3 фільмаў пра беларусаў ад Максіма Жбанкова, у якіх «перастараліся» расейскія кінатворцы

«Наўпрост такіх варожых рэчаў ці агрэсіўных няма. Іншая справа, што перыядычна з’яўляюцца стужкі, дзе мы выглядаем такімі недарэчнымі малымі братамі, абсалютна смешнымі, несамастойнымі і цалкам залежнымі ад расейскага боку», – адказвае эксперт. І адразу ж называе некалькі працаў, дзе наш суайчыннік паказаны не вельмі прывабным.

Рэжысёр Юрый Хашчавацкі выступае супраць ціску на свабоду слова. Але прызнае рацыю ўкраінцаў, якія пачалі забараняць расейскае кіно.

«Нам спрабуюць сказаць, што мы ўсе такія, як гэтыя расейцы, якія ўсіх нас прымушаюць жыць так, як хочуць яны. Гэта вельмі крыўдна і сумна, але гэта ўсё трэба выключаць», – заўважае рэжысёр. І дадае, што нават Някрасаў непрыглядна апісваў беларуса – роўна такімі мы застаемся і для цяперашніх расейцаў.

Сцэнарыст і рэжысёр Андрэй Курэйчык, які шмат папрацаваў у расейскім кіно, узгадвае фільм, які яго не ўразіў і які нейкім чынам звязаны з Беларуссю. Гэта «Цар» Паўла Лунгіна.

«Там ёсць, што «рускія дваране ні ў якім разе не павінны быць шпіёнамі ў польскіх каралёў, у Рэчы Паспалітай» і гэтак далей. І там апісваецца барацьба рускага тырана, як яны лічаць з польскай дзяржавай, але мы разумеем, што гаворка ішла пра вядомую бітву пад Воршай, у якой прымалі ўдзел войскі ВКЛ», – заўважае Андрэй Курэйчык.

Што тычацца серыялаў, то з імі склалася цікавая сітуацыя. Калі ўкраінская кінаіндустрыя сапраўды мае чым замяніць расейскія стужкі, то ў Беларусі проста няма выбару. Як кажа Андрэй Курэйчык, наша тэлебачанне сваіх серыялаў не робіць, выкупіць нешта годнае амерыканскае накшталт «Гульні тронаў» мы не ў стане, таму застаецца глядзець тое, што дасылаюць з-за ўсходняй мяжы.

«Калі я быў у маленькай Грузіі, там ёсць серыялы на грузінскай мове. У Літве, Латвіі – таксама свае серыялы, хаця гэтыя краіны меншыя за нас. Грузія нашмат бядней за нас. І Арменія бядней. Так, можа яны не такія багатыя, не такія пафасныя, але гэта сваё. І яны, праўдападобна, папулярныя», – зазначае Андрэй Курэйчык.

Паводле суразмоўцы «Белсату», адзіны шанец для Беларусі – пачаць здымаць свае серыялы на роднай мове. Тым больш што зараз гэта не так і дорага.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў