Расейскія патрыёты плануюць прабег на бронетэхніцы праз усю Беларусь


Фота: Twitter voentex

Бронепрабег з нагоды гадавіны нападу нацысткай Нямеччыны на СССР пройдзе па маршруце Масква-Берасце з 17 па 24 чэрвеня. Акцыю рыхтуюць расейскія аматары ваеннай тэхнікі, абʼяднаныя ў грамадскую арганізацыю «Ваенна-тэхнічнае таварыства».

На спісаных ваенных машынах удзельнікі бронепрабегу рушаць з Паклоннай гары ў Маскве і праз Воршу трапяць у Беларусь. Потым сведкамі прабегу змогуць стаць жыхары Барысава, Менску, Баранавічаў, Кобрына і Берасця. Акрамя прабегу плануюцца выступы прамоўцаў, ускладанне кветак да мемарыялаў, дэманстрацыя надзейнасці савецкай ваеннай тэхнікі.

Мапа бронепрабегу «Дарога мужнасці». Фота : з прэзентацыі www.voentex.ru

Арганізатары паведамляюць, што ў прабегу возьме ўдзел не менш за 15 бронетранспарцёраў, 3 аўтамабіля часоў другой сусветнай вайны, а таксама рэканструяваная ваенная тэхніка ад аматараў, якая будзе здольнай праехаць 2400 кіламетраў дарогі Масква-Берасце-Масква. Бо арганізатары збіраюцца ставіць рэкорд Расеі.

«Мы хацелі падавацца на рэкорд Гінэса, таму што ніхто такія адлегласці на ваеннай тэхніцы за такі кароткі час не ездзіў. Але яны папрасілі шмат грошай, таму будзем ставіць рэкорд Расеі», – расказаў belsat.eu Андрэй Коннаў, прэс-сакратар Ваенна-тэхнічнага таварыства ў Маскве.

Арганізатары спадзяюцца, што каля 6 мільёнаў асобаў змогуць пабачыць калону ўжывую і яшчэ каля 10 мільёнаў у Інтэрнэце.

Фота: Twitter voentex

«У Берасці будзе кульмінацыя – галоўнае, за чым мы едзем. Потым мы развернемся, паедзем назад і закрыццё мерапрыемства будзе ў Маскве», распавядае прэс-сакратар.

А ў Берасці іх не чакаюць?

Арганізатары забыліся толькі паведаміць аб сваіх планах у Берасцейскую крэпасць. Загадчык аддзелу навукі і асветы мемарыяльнага комплексу Аляксей Малочнікаў даведаўся пра тое, што да іх збіраюцца ехаць бронетранспарцёры, з навінаў у Інтэрнэце, а пра тое, што ў іх тут будзе «кульмінацыя» пачуў упершыню.

«Яны нічога пакуль не дасылалі, можа, яшчэ дашлюць.Таму што ў любым выпадку мы павінны ведаць, што ў іх за план і ўзгадніць яго. Пакуль што мы ведаем не больш за вас, ніхто ніякім чынам нас не папярэджваў», кажа Аляксей Малочнікаў.

Ці будуць расейскія аматары плаціць за дарогі, таксама невядома. У BellToll паведамілі, што такая тэхніка можа быць прызнана «абарончай» і рух яе па дарогах Беларусі ў гэтым выпадку вызваляецца ад дарожнага падатку.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары