Расейскія футбольныя хуліганы стануць невыязнымі


Расея падпісала новую канвенцыю Рады Еўропы па бяспецы футбольных матчаў.

3 ліпеня ў Францыі Рада Еўропы адкрыла да падпісання новую Канвенцыю аб комплексным падыходзе да бяспекі, аховы і абслугоўвання футбольных матчаў і іншых спартовых мерапрыемстваў.

Дакумент мае замяніць састарэлую Канвенцыю аб перадухіленні гвалту на трыбунах і, у прыватнасці, прадугледжвае забарону правапарушальнікам на наведванне стадыёнаў і выезд у іншыя краіны падчас правядзення міжнародных матчаў.

Новую канвенцыю падпісалі 14 з 47 краінаў-чальцоў Рады Еўропы, у тым ліку Расея.

Канвенцыя аб перадухіленні гвалту на трыбунах, якая дзейнічае цяпер, была ўведзеная ў 1985 годзе пасля гібелі 39 асобаў падчас сутыкненняў паміж фанатамі «Ліверпуля» і «Ювентуса», якія адбыліся перад фіналам Кубка Еўропы.

Ратыфікацыя новай канвенцыі будзе азначаць гатовасць дзяржавы змяніць нацыянальнае заканадаўства і ўвесці санкцыі, якія будуць абмяжоўваць прысутнасць на матчах небяспечных фанатаў.

НМ, belsat.eu, паводле Kommersant.ru

Глядзі таксама
Каментары