Нягледзячы на ўказ Пуціна аб прызнанні ў Расеі выдадзеных у самаабвешчаных ДНР і ЛНР дакументаў, расейскія банкі не гатовыя нават адкрываць уклады іх уладальнікаў.
Ніводзін з ТОП-30 буйнейшых банкаў Расеі не заявіў «РБК», што гатовы прымаць пашпарты «Данецкай народнай рэспублікі» ды «Луганскай народнай рэспублікі».
У большасці крэдытных арганізацыяў каментаваць пытанне аб пашпартах непрызнаных рэспублік проста адмовіліся. У той жа час у Сбербанку супрацоўнік call-цэнтру паведаміў, што ў банку не працуюць з пашпартамі самаабвешчаных рэспублік, якія «не прызнаныя Расеяй і міжнароднай супольнасцю як асобныя дзяржавы». У сваю чаргу прадстаўнік прэс-службы Сбербанку заявіў, што пытанне абслугоўвання грамадзянаў ДНР і ЛНР прапрацоўваецца.
Апытаныя «РБК» юрысты адзначаюць, што агульнае палажэнне Цэнтрабанку Расеі абавязвае працаваць з усімі дакументамі, прызнанымі ў межах расейскага заканадаўства. Да заканадаўства адносіцца і ўказ прэзідэнта. Пры гэтым у банках заявілі, што тлумачэнне Цэнтрабанку памагло б разабрацца ў сітуацыі.
У Цэнтрабанку не адказалі на запыт «РБК» наконт пашпартоў ДНР і ЛНР.
Чытайце таксама: