Расейскія бамбавальнікі павіншавалі ЗША з Днём Незалежнасці


«Добрай раніцы, амерыканскія лётчыкі! Мы тут, каб павіншаваць вас з Днём Незалежнасці» – такімі словамі пілоты стратэгічнага бамбавальніка Ту-95 віталі лётчыкаў на F-16, што вылецелі на перахват расейскіх самалётаў ля берагоў Каліфорніі.

Інцыдэнт адбыўся 4 ліпеня, але амерыканскія вайскоўцы паведамляюць пра яго толькі цяпер. Паводле прадстаўнікоў Міністэрства абароны ЗША, два расейскія стратэгічныя бамбавальнікі, якія могуць несці ядравыя зарады, наблізіліся на адлегласць усяго 62 кіламетры ад узбярэжжа Каліфорніі.

У той жа дзень бамбавальнікі Ту-95 былі заўважаныя паблізу Аляскі.

Інтэрнэт-выданне «Washington Free Beacon» паведамляе, што сёлетні інцыдэнт ля берагоў Каліфорніі супаў з тэлефоннаю размоваю Барака Оўбамы з Уладзімірам Пуціным, падчас якой апошні заклікаў да пашырэння дыялогу паміж ЗША і Расеяй.

У Міністэрстве абароны называюць такія захады «бразганнем зброяй» ды ўзгадваюць, што не першы раз Расея такім чынам «віншуе» ЗША. У 2012 годзе 4 ліпеня таксама расейскі бамбавальнік наблізіўся да тэрыторыі Злучаных штатаў.

Чытай таксама >>>>> Амерыканскі эсмінец vs расейскія штурмавікі. Хто каго «перахапіў» на Чорным моры?

Ту-95 – турбавінтавой ракетны стратэгічны бамбавальнік, адзін з сімвалаў халоднай вайны. Гэтая машына здольная абстрэльваць крылатымі ракетамі аб’екты праціўніка ў любы час дня і пры любым надвор’і.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары