Расейскія акадэмікі абвінавацілі дырэктара ФСБ у апраўданні сталінскага тэрору


Група акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў Расейскай акадэміі навук (РАН) апублікавала адкрыты ліст у адказ на інтэрв’ю дырэктара ФСБ РФ Аляксандра Бортнікава.

Нагадаем, у інтэрвʼю «Российской газете» Бортнікаў заявіў, што значная частка крымінальных справаў часоў Вялікага тэрору не была сфабрыкаваная: «Планы прыхільнікаў Л. Троцкага па змяшчэнню ці нават ліквідацыі І. Сталіна і яго паплечнікаў у кіраўніцтве ВКП (б) – зусім не выдумка, гэтак жа як і сувязі змоўшчыкаў з замежнымі спецслужбамі». Паводле яго, здзяйснялі «злачынныя дзеянні» толькі некаторыя чэкісты, але большая іх частка «панесла заслужанае пакаранне пасля змяшчэння і расстрэлу Яжова», а пасля прызначэння наркамам Лаўрэнція Бэрыі рэпрэсіі спыніліся.

«Відаць, упершыню пасля XX зʼезда КПСС (1956 г.) адна з найвышэйшых службовых асоб нашай дзяржавы апраўдвае масавыя рэпрэсіі 1930-40-х гадоў, якія суправаджаліся неправасуднымі прысудамі, катаваннямі і пакараннямі смерцю сотняў тысяч ні ў чым не вінаватых нашых суграмадзянаў», – гаворыцца ў адкрытым лісце акадэмікаў.

Акадэмікі нагадалі, што падчас рэпрэсіяў у «росквіце сваёй дзейнасці» былі знішчаны тысячы навукоўцаў і інжынераў. У цэлым, ахвярамі сталінскага тэрору сталі мільёны савецкіх людзей.

«Нам незразумела мэта шматслоўнага інтэрвʼю Бортнікава. Што гэта – парада новаму прэзідэнту? Настальгія па старых часах або прапаганда новай дактрыны? У любым выпадку мы рашуча пратэстуем супраць рэвізіі ўяўленняў аб бесчалавечнай і антынароднай сутнасці рэпрэсіяў і заклікаем усіх разумных людзей, якія не жадаюць сваім дзецям перажыць жахі 1930-х гадоў, далучыцца да нашага пратэсту», – гаворыцца ў лісце.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў