Расейскіх вайскоўцаў, якія адмовіліся ехаць на Данбас, пасадзілі за краты


У Расеі турмою караюць жаўнераў, бо тыя пакінулі месца службы праз невыносныя ўмовы ўтрымання і нежаданне ехаць ваяваць ва Украіну.

Майкопскі гарнізонны суд вынес прысуд пяці кантрактнікам, якія служылі на палігоне Кадамаўскі ў Растоўскай вобласці. Усе атрымалі рэальныя тэрміны – ад 10 месяцаў да паўтары гадоў пазбаўлення волі за тое, што самавольна пакінулі частку. Пры гэтым самі кантрактнікі сцвярджалі, што не засталіся ў сваіх частках, бо не жадалі ехаць ваяваць на Данбас, падае donday.ru.

21-гадовага Івана Шаўкунова суд прысудзіў да аднаго года зняволення ў калоніі-пасяленні. На судзе Шаўкуноў заявіў, што ён з’ехаў з палігона праз цяжкія ўмовы ўтрымання і пастаянную агітацыю ехаць добраахвотнікам на Данбас.

«Я прыехаў на палігон у канцы верасня 2014 года, – распавёў Іван Шаўкуноў. – У мяне забралі ўсе дакументы, у тым ліку і вайсковы білет. Там былі невыносныя ўмовы ўтрымання. Нам выдавалі сухі паёк, сваёй сталовай на палігоне не было. Мы спалі на матрацах і дошках. Праз некалькі дзён у мяне пачаліся праблемы са страўнікам, але ніхто з лекараў не змог мне дапамагчы. Іх проста на палігоне не было».

[vc_row][vc_column][vc_single_image image=”17320″][/vc_column][/vc_row]Палігон Кадамаўскі знаходзіцца ў 80 кіламетрах ад мяжы з Украінай. Паводле слоў Івана, да іх пастаянна прыязджалі вярбоўнікі, якія агітавалі кантрактнікаў ехаць ваяваць на Данбас. Абяцалі добрыя грошы – да $ 400 у содні. Вярбоўнікі перасоўваліся па частцы зусім свабодна, кажучы жаўнерам, што тыя рана ці позна мы ўсё роўна акажуцца на тэрыторыі суседняй дзяржавы. Афіцэры і камандаванне палігона на ўсе заплюшчвалі вочы.

Пасля двух тыдняў службы Шаўкуноў напісаў першы рапарт аб звальненні, за ім рушылі ўслед яшчэ два. Але іх проста не прымалі. І тады малады чалавек сабраў рэчы і пакінуў палігон. Супраць яго распачалі крымінальную справу. Следства вінаваціла яго ў дэзерцірства, але ў ходзе судовага разбору стала зразумела, што ніякіх прыкмет дэзерцірства ў яго дзеяннях няма. У выніку маладога кантрактніка асудзілі за самавольнае пакіданне часткі.

«Падчас следства я баяўся прыходзіць у частку, – распавядае Іван, – таму што былі выпадкі, калі жаўнераў пасля з’яўлення ў частцы сілком адпраўлялі на палігон. А пасля таго як я пачаў адкрыта казаць у медыях пра агітацыю ехаць ва Украіну і ўмовы ўтрымання, мяне выклікалі да следчага, сказалі, што я дэзерцір і зачынілі на час судовага працэсу ў СІЗА».

Нягледзячы на ​​намаганні праваабаронцаў, Іван Шаўкуноў прасядзеў у СІЗА да вынясення прысуду. Тыя ж жаўнеры, хто адмовіўся ад сваіх паказанняў, былі выпушчаныя з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

«Гэта агідна, – скаментавала мама Івана Шаўкунова Святлана Кімнатная парталу novayagazeta.ru прысуд ейнаму сыну. – Усе характарыстыкі былі станоўчымі, маса людзей за майго сына паручалася, шмат хто з часткі выступіў у ягонае падтрыманне. Мы спадзяваліся на ўмоўныя тэрміны».

Адвакат Шаўкунова ды іншых кантрактнікаў Таццяна Чарнецкая кажа пра дзясяткі крымінальных спраў за самавольнае пакіданне часткі ў дачыненні да жаўнераў, якія праходзяць службу на палігоне Кадамаўскі.

«За першае паўгоддзе 2015 асуджана каля 30 чалавек», – скаментавала адвакат.

МЯ, паводле donday.ru, novayagazeta.ru

Стужка навінаў