Расейскіх дыпламатаў у Чэхіі падазраюць у шпіянажы


Служба бяспекі Чэхіі западозрыла ў шпіянажы трох расейскіх дыпламатаў, якія працавалі ў Празе, паведамляюць чэшскія медыі са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе краіны. Расейскія ўлады паведамленняў не каментуюць.

Паводле гэтых дадзеных, двое падазраваных з’яўляюцца сталымі працаўнікамі расейскай амбасады ў Празе, а трэці быў часова прыкамандзіраваны да яе, хоць пастаянна працуе ў дыпламатычнай місіі Расеі ў іншай краіне, падае Бі-бі-сі.

Па дадзеных чэшскіх медыяў, усе трое ўжо выехалі з Чэхіі.

Як пішуць мясцовыя медыі, для таго каб пазбегнуць эскалацыі канфлікту, чэшскія ўлады не выслалі расейскіх дыпламатаў з краіны, а проста не працягнулі ім дазволу на знаходжанне ў краіне.

Рэспубліканскае радыё Чэхіі паведаміла, што Расея ў адказ забараніла знаходжанне на сваёй тэрыторыі супрацоўніку чэшскага пасольства ў Маскве, а таксама адмовіла ў акрэдытацыі яшчэ аднаму дыпламату.

Міністр замежных справаў Чэхіі Любамір Зааралек адмовіўся каментаваць гэтую інфармацыю, аднак заявіў, што «ў гісторыі адносінаў з Расейскай Федэрацыяй падобныя інцыдэнты ўжо неаднаразова здараліся».

У Службе вонкавай выведкі Расеі ад каментароў з гэтай нагоды таксама ўстрымаліся.

Экс-дырэктар ФСБ, а цяпер член камітэту Дзярждумы па бяспецы і супрацьдзеянні карупцыі Мікалай Кавалёў заявіў, што сітуацыя з нібыта выкрыццём расейскіх шпіёнаў можа быць звязаная з палітычнай сітуацыяй у свеце.

«Гэта водгук на палітычную сітуацыю ў свеце і на пазіцыю Еўразвязу, амерыканцаў і канадцаў», – сказаў Кавалёў.

У канцы кастрычнік 2014 агенцтва «Reuters» паведаміла пра тое, што контрвыведка Чэхіі выявіла «надзвычай вялікую» колькасць шпіёнаў сярод персаналу расейскай амбасады. Дакладныя лічбы западозраных у сувязях са спецслужбамі агенцтва не прывяло.

У кастрычніку 2014 года спецслужбы Польшчы затрымалі па падазрэнні ў шпіянажы на замежную разведку высокапастаўленага афіцэра. Па некаторых дадзеных, гаворка магла ісці аб шпіянажы на карысць Расеі.

МЯ, belsat.eu, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў