Расейскі журналіст, які распавёў пра гібель наймітаў «ЧВК Вагнера» ў Сірыі, выпаў з вакна


Журналіст Максім Барадзін. Фота - е1.ru

У Екацярынбургу, не прыходзячы ў сябе пасля падзення з вакна, памёр журналіст агенцтва «Новы дзень» Максім Барадзін.

13 красавіка Барадзін выпаў з акна сваёй кватэры на пятым паверсе. Ён атрымаў цяжкія траўмы і трапіў у кому. Мужчына быў дастаўлены ў гарадскі шпіталь.

Галоўны рэдактар ​​РИА «Новый день», у якім працаваў Барадзін, Паліна Румянцава дапусціла, што смерць журналіста магла быць не выпадковасцю або самагубствам.

«Каб зразумець, што адбылося, трэба атрымаць доступ у кватэру, мы займаемся гэтым. Калі з’явіцца хоць бы нейкі намёк на крымінал, мы паведамім», – заявіла яна.

Па словах Румянцавай, для самагубства Барадзіна не было ніякіх падстаў.

Свой погляд на смерць журналіста выказаў кіраўнік штабу Аляксея Навальнага Леанід Волкаў, які ведаў Максіма Барадзіна асабіста.

У допісе на «Фэйсбуку» ён засцярог медыі ад распаўсюджвання чутак. З ягоных словаў, Барадзін меў праблемы з працаўладкаваннем і адчуваў прафесійную нерэалізаванасць.

Больно читать бесконечные перепосты теперь уже и в иностранных СМИ про «загадочно погибшего в Екатеринбурге журналиста,…

Publiée par Леонид Волков sur lundi 16 avril 2018

Максім Барадзін быў сярод журналістаў, якія распавялі пра гібель байцоў «ЧВК Вагнера» з Асбесту ў Сірыі пасля авіяўдару міжнароднай кааліцыі 7 лютага.

Нагадаем, 7 лютага міжнародная кааліцыя на чале з ЗША нанесла авіяўдар па атрадах, якія наступалі на пазіцыі «Сірыйскіх дэмакратычных сілаў» у раёне горада Дэйр-эз-Зор. Па дадзеных амерыканскіх і расейскіх СМІ ў выніку ўдару загінулі і атрымалі раненні найміты з расейскай «ЧВК Вагнера». Загінулі ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў чалавек. Таксама паведамлялася аб некалькіх дзясятках параненых. Паводле дадзеных Reuters, параненыя ў Сірыі дастаўлены ў ваенныя шпіталі ў Маскве, Падмаскоўі і Санкт-Пецярбургу. Крыніцы агенцтва паведамлялі, што раненні атрымалі каля 200 чалавек.

«ЧВК Вагнера» фактычна з’яўляецца сакрэтным падраздзяленнем расейскага войску і неафіцыйна падначалена Генштабу РФ. Спецслужбы Украіны сцвярджаюць, што вагнэраўцы датычныя да знішчэння ўкраінскага самалёта Іл-76 на Данбасе, удзельнічалі ў штурме Луганскага аэрапорту і баях за Дэбальцава. У Сірыі вагнэраўцы адзначыліся пры штурме Пальміры ў сакавіку 2016 году і шэрагу іншых аперацый. Паводле СМІ, мінімальная стаўка для шарагоўца ў «ЧВК Вагнера» – каля 250 тыс. расейскіх рублёў (больш за 4.300 USD), але з рознымі бонусамі гэтая лічба можа дасягаць 450 тыс. (больш за 7.800 USD). Асобна прадугледжаны выплаты параненым і сваякам забітых.

ІІ, belsat.eu, паводле «МБХ-медиа»

Глядзі таксама
Каментары