Расейскі закон пра «непажаданыя» замежныя арганізацыі непакоіць ЗША


У Расеі дзеянне альбо супраца з «непажаданымі» замежнымі арганізацыямі будуць карацца крымінальнай адказнасцю. Новы закон ізалюе насельніцтва краіны ад свету, лічаць у ЗША.

Прэс-сакратарка Дзярждэпу Мэры Гарф (Marie Harf) у сваёй заяве выказала глыбокую занепакоенасць у сувязі з новым расейскім законам. Згодна з ім, дзеянне альбо супраца з «непажаданымі» замежнымі няўрадавымі арганізацыямі будзе карацца крымінальнай адказнасцю.

«Расейцы, разам з іншымі народамі, заслугоўваюць урад, які падтрымлівае адкрыты рынак ідэяў, празрыстае і падсправаздачнае кіраванне, роўнасць усіх перад законам і магчымасць ажыццяўляць свае правы, не асцерагаючыся пакарання», – заявілі ў ЗША.

Прадстаўніца амерыканскага вонкавапалітычнага ведамства выказала занепакоенасць, якая расце разам з узмацненнем ціску на незалежныя СМІ, грамадзянскую супольнасць і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі ў Расеі. Дзярждэп заклікаў Маскву выконваць свае міжнародныя абавязкі ды шанаваць свабоду слова і мірных сходаў.

Новы артыкул у крымінальным кодэксе Расейскай Федэрацыі нагадвае артыкул беларускага Кодэксу. Згодна з апошнім паседжаннем Універсальнага перыядычнага агляду – найбуйнейшага сусветнага маніторынгавага механізму правоў і свабодаў чалавека – адной з галоўных праблемаў Беларусі ў сферы правоў чалавека летась стаў сумнавядомы артыкул 193.1. Ён прадугледжвае пазбаўленне волі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

23-га траўня Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб дзейнасці ад імя непажаданай замежнай арганізацыі пасля таго, як за яго ўвядзенне прагаласавалі Дзяржаўная Дума і Савет Федэрацыі.

Расейскія НДА ўжо паспелі на сабе адчуць дзеянне закону аб «замежных агентах». Супраць новай заканадаўчай ініцыятывы выступілі арганізацыі «Amnesty International» і «Human Rights Watch». Прыхільнікі гучнага закону кажуць, што ён дапаможа зменшыць замежны ўплыў на ўнутраныя справы Расеі. Аднак праціўнікі лічаць, што падпісаны расейскім лідарам закон мусіць нейтралізаваць голас грамадскасці падчас украінска-расейскага канфлікту.

Гарась Валатовіч, belsat.eu, паводле state.gov

Стужка навінаў