Еўрапейскія гарады не далічыліся 30-40% расейскіх турыстаў


Расейскі турыстычны бум у Еўропе ідзе на спад

Расейскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што праз пагаршэнне адносінаў з заходнімі краінамі колькасць расейскіх турыстаў у Еўропе сёлета скарацілася на 30%. Прыкладна такія ж дадзеныя падае і выданне «Русская Германия».

«Паводле неафіцыйных дадзеных з афіцыйных крыніц, за травень-чэрвень горад Прага страціў 40% расейскай турплыні. З тых жа крыніц даходзяць і берлінскія звесткі: 30% стратаў за пачатак летняга сезона. У некаторых італьянскіх гарадах дэфіцыт рускай гаворкі ўжо выклікае паніку», – піша «Русская Германия». І тлумачыць такое падзенне наведвальнасці тым, што дома засталіся так званыя «гасударавы людзі» разам са сваймі сем’ямі і абслугай.

У Латвіі таксама канстатуюць скарачэнне гасцей з Расеі. Хаця яшчэ нядаўна расейскія фармацэўтычныя і IT-кампаніі ладзілі тут падзеі на 500-700 чалавек.

«Гэты рынак, які дагэтуль рос на 20% штогод, сёлета не вырасце, а магчыма, і пакажа невялікі адкат», – кажа старшыня агенцтва «Baltic Travel Group» Улад Карагін.

А вось у суседняй Літве з пачатку года менш расейцаў не стала. Да канца года эксперты прагназуюць скарачэнне, але не драматычнае. Дарэчы, колькасць беларусаў у Літве з пачатку года павялічылася на 22,2%.

Не пабачылі столькі расейцаў, колькі хацелі б, і ў Даніі. Як адзначаюць у турыстычнай арганізацыі VisitDenmark, гэта звязана з падзеннем курса расейскага рубля – наведваць Еўропу падарожнікам з Расеі стала дорага.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў