Расейскі «Сбербанк» купіў гатэль у Менску за 1,99 рублі – СМІ


Фота onliner.by

Кампанія вырашыла прафінансаваць завяршэнне даўгабуду – гатэльнага комплексу ля цырку ў Менску.

Здаць гатэль планавалі да Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе, дзеля чаго нават знеслі першую менскую электрастанцыю XIX стагоддзя. Калі ў «Трайпла» пачаліся праблемы, загаварылі аб змене ўласніка. Але тых, хто хацеў бы купіць абʼект, не было. Сетка гатэляў Kempinski адмовілася ад кіравання будучым гатэлем, пасля чаго будынак празвалі «не-Кемпінскі».

«Сбербанк Капітал» выкупіў 100 % долю фірмы «Эліт Эстэйт» за сімвалічную суму – 1,99 беларускіх рубля, паведамляюць крыніцы «Комсомольской правды в Белоруссии».

«Сбербанк Капітал» – дачка «Сбербанка» Расеі, якая займаецца інвестыцыямі ў будаўніцтва, а «Эліт Эстэйт» – даччынае прадпрыемства групы кампаніяў «Трайпл» Юрыя Чыжа.

Як піша выданне, дзеля гэтага на сустрэчу з Лукашэнкам 12 студзеня ў Менск прылятаў старшыня праўлення «Сбербанку» Герман Грэф. Ён размаўляў пра ўдзел «Сбербанку» ў дафінансаванні складаных праектаў у Беларусі. Таксама «Трайпл» спісвае цалкам прадстаўленыя «Эліт Эстэйт» пазыкі.

Цікавасць «Сбербанка» Расеі да гэтага комплексу невыпадковая. Беларуская дачка – БПС-Сбербанк – выдзяляла крэдыт на будаўніцтва. Будоўлю замарозілі, і крэдыт стаў праблемным. Атрымаўшы комплекс ва ўласнасць, сітуацыю ўдасца вырашыць.

Летась Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім будоўлю комплексу працягнулі да канца 2018 году. Паводле разлікаў, на завяршэнне праекту неабходна каля $ 100 мільёнаў.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары