Расейскі сайт вінаваціць атрад «Пагоня» у рыхтаванні Майдану ў Менску


У пачатку траўня на Валыні мае адбыцца палявая гульня «Звитяга», на якую моладзь запрашаюць беларускія жаўнеры, якія змагаюцца за вольнасць Украіны.

Беларускі атрад «Пагоня», якія ваюе на Данбасе на баку Украіны, запрашае 1-4 траўня беларусаў у Валынскую вобласць на палявую гульню «Звитяга». Сутнасць гульні заключаецца ў наступным: усе ўдзельнікі дзеляцца на 2 каманды – сотні.

Кожная з камандаў мае два неабходныя атрыбуты: назву сотні і сцяг. Сцяг – галоўная каштоўнасць каманды і яго страта азначае пройгрыш у гульні.

Задача камандаў – завалодаць і ўтрымаць да канца гульні сцяг каманды-суперніка, які знаходзіцца ў адмысловым намёце, у лагеры праціўніка. Выкананне гэтага патрабавання – прызнаецца як чыстая перамога адной з каманд.
Падчас гульні ўдзельнікі могуць «знішчаць» гульцоў суперніка шляхам зрыву нарукаўнай павязкі. У ходзе бою ніводзін удзельнік не мае права біць праціўніка.

На старонцы гульні пазначана, што яна праводзіцца з 2006 года, а штогод на яе прыязджае моладзь з усіх рэгіёнаў Украіны дзеля таго, каб хоць на некалькі дзён адчуць, «што значыць сапраўднае паўстанцкае жыццё».

На запрашэнне «Пагоні» адразу ж адрэагавала расейская прапаганда. Інтэрнэт-рэсурс ridus.ru, да прыкладу, напісаў, што ў ваенізаваным лагеры ва Украіне беларусаў будуць рыхтаваць да Майдану ў Менску.

«У Беларусі сёлета маюць прайсці прэзідэнцкія выбары. Да гэтага, як відаць, актыўна рыхтуюцца як украінскія, так і беларускія нацыяналісты», – падае расейскі сайт.

Паводле рэсурсу, атрад «Пагоня» «праславіўся сваёй жорсткасцю на Данбасе», а атрыманыя на вайне навыкі мае выкарыстаць, вярнуўшыся на радзіму і «паўдзельнічаўшы ў выбарах».

Атрад «Пагоня» ўтварыўся ў ліпені 2014 года. Вайсковае падраздзяленне сфармавалі добраахвотнікі Беларусі, якія прымаюць удзел ва ўзброеным канфлікце на Данбасе на баку Украіны. Трэнавальны лагер «Пагоні» размешчаны на Валыні.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары