Расейскі рэжысёр Кірыл Сярэбранікаў: Мы – у чорных спісах цемрашалаў


Бескампрамісная прыпавесць «Вучань» мае ўсе шанцы перамагчы сёлета ў Канах. А таксама – стаць шакуючым прароцтвам для Расеі. Карэспандэнтка «Белсату» Ганна Любакова паразмаўляла з рэжысёрам стужкі Кірылам Сярэбранікавым.

«Вучань» – гэта гісторыя маладога хлопца Веніяміна, які зачытаўся Бібліяй настолькі, што стаў рэлігійным фанатыкам. Адбываецца гэта ў адной з расейскіх школаў. Усё класічна: дырэктарка з часоў СССР, ейная намесніца-антысемітка, праваслаўны святар, які выкладае рэлігію, недалёкі фізрук і настаўніца біялогіі Краснова – адзіная, хто супраціўляецца Веніяміну. А той вырашыў, што толькі ён ведае, як слушна сябе паводзіць і вучыць іншых, як жыць. Вучыць агрэсіўна.

Гэта п’еса сучаснага нямецкага аўтара Марыюса фон Маенбурга «Мучанік». Яе Сярэбрэнікаў спачатку паставіў у тэатры, а пасля перанёс у кіно.

Як атрымалася перанесці пʼесу нямецкага аўтара ў Расею?

Пʼеса, трэба сказаць, часткова пра расейскія рэаліі. Толькі там, у Нямеччыне гэта такая прыпавесць пра нейкую абстракцыю, маўляў: «што будзе, калі нешта такое здарыцца?». А ў нас гэта ўжо адбываецца: вунь усе гэтыя хлопчыкі ўжо грамяць выставы.

Падчас прэм’еры фільму ў Канах вы распавялі, што аўтар пʼесы Маенбург не прыехаў у Расею.

Калі прынялі «антыгейскі закон» – пра забарону гей-прапаганды, адзін з самых ідыёцкіх законаў – Марыюс сказаў, што не будзе прыязджаць у Расею. Ён – сямейны чалавек, не гей, але падтрымлівае гей-камюніці, якое выступае супраць расейскіх дыскрымінацыйных законаў.

Фільм – гэта крытыка расейскага грамадства?

Гэта спроба стварыць мадэль сучаснага расейскага грамадства. Там ёсць пытанні падмены – там усе людзі крыху пярэваратні. Святар аказваецца цынікам, настаўніца біялогіі – верніцай. Гэта пытанні прысутнасці Бога, магчымасці ці немагчымасці цуду.

Наўрад ці расейскае грамадства захоча бачыць уласныя недахопы, як у люстэрку. Не баіцеся такой жа рэакцыі, як на «Левіяфан» Звягінцава?

Я нічога не баюся, у мяне ўсё гэта было. Памятаю абмеркаванне фільму «Юрʼеў дзень» на тэлебачанні, калі крычалі: такога не бывае, вы паклёпнічаеце на Расею. Мы ўжо ў чорных спісах нейкіх цемрашалаў.

Калі чытаю, колькі было судовых пераследаў у Пазаліні за ягоныя фільмы ў Італіі, то гэта акурат супадае з ягонай фільмаграфіяй. Відаць, так і трэба працаваць. Калі твой фільм нічога не пакідае пасля сябе, то навошта яго здымаць?

Разам з тым, я гляджу на тое, што робіць мастак Паўленскі і разумею, што ўсе мы займаемся дзіцячым мастацтвам.

Але Паўленскі ў турме.

Так, ён працягвае свой праект.

Адчуваеце цэнзуру?

Гэта незалежнае кіно. Яно ў нас знята без цэнзуры і дзяржаўных грошай – мне іх не даюць. На тэатр яшчэ даюць, але крыху. Даводзіцца шукаць самому, зарабляць.

У Расеі няма праўдзівай журналістыкі. Можа, яна і ёсць, але яна як шчыгрынавая скура – нешта, што знікае. У нас няма расследаванняў, шмат чаго ў Расеі няма. Гэта ўсё ўласцівасці палітычнай барацьбы – за ўладу, за грошы, за рэсурсы. Ва ўмовах крызісу і санкцыяў усё гэта абвастрылася.

Ці ёсць надзея на змены і для каго тады сёння здымаць усё гэтае незалежнае кіно?

Змены адбываюцца цяжка, павольна. Ніколі не думаў, што мяне будзе даводзіць да шалу пытанне, звязанае са Сталіным. Мне падавалася, што ў 60-ыя гады ўжо прайшла дэсталінізацыя, закрылі тэму. Што ўжо ўсё паказалі, паставілі спектаклі. Не, цяпер у Расеі зноў трэба распавядаць, што Сталін – гэта забойца, Ленін – гэта забойца.

Паслухайце, 90 адсоткаў людзей падтрымліваюць той рэжым, у якім вы жывяце. Яны выбралі, ім так зручна. Калі вы дэмакрат, ліберал, вы мусіце гэты выбар шанаваць. Вы хочаце ім раскрыць вочы? Тады вы – настаўніца Краснова з фільму «Вучань». Вы хочаце сказаць ім праўду? Кажыце, гэта вашая праца. Але ад таго, што вы ім кажаце праўду ўсе гэтыя гады, у іх галаве штосьці памянялася?

А як лічыце вы? Трэба за іх змагацца?

Ім трэба даваць надзею. Тэатр і фільм – гэта важная камунікацыйная функцыя. Людзі, блізкія мне па поглядах, мусяць ведаць, што іх не кінулі, для іх штосьці ставяць, штосьці здымаюць. Што ёсць не толькі прапагандысцкае тэлебачанне, а іншы пункт погляду. Хай гэты пункт погляду ні на што не ўплывае, ён хаця бы існуе.

У Расеі шмат чаго адбываецца, з’яўляюцца новыя героі, новыя выказванні. Усе гэтыя вар’яцтвы – гэта жыццё. Інтэнсіўнае, небяспечнае і цікавае. Гэта бывае агідна, балюча, раздражняе страшна, але гэта вельмі захапляльна. Мне падаецца, што лепш жыць у жахлівым, подлым і страшным часе, але не ў нудным.

Ганна Любакова, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары