Расейскі публіцыст Аркадзь Бабчанка: Вайна ў Сірыі – адна з нешматлікіх, дзе Расеі трэба было б удзельнічаць


Маскоўскі карэспандэнт «Белсату» распытаў журналіста, які на свае вочы бачыў усе ваенныя канфлікты з удзелам Расеі.

Апазіцыйны расейскі дэпутат Дзмітрый Гудкоў скіраваў зварот у Міністэрства абароны РФ, каб высветліць, ці прымалі ўдзел расейскія вайскоўцы ў вайсковых аперацыях на тэрыторыі Сірыі. Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў зняпраўдзіў гэтую інфармацыю, але ў той жа час заявіў, што Масква аказвала і аказвае вайсковую дапамогу рэжыму Башара аль-Асада. На гэтую тэмы «Белсат» паразмаўляў з публіцыстам і вайсковым карэспандэнтам Аркадзем Бабчанкам.

Публіцыст заўважыў, што расейскія войскі прысутнічаюць у Сірыі на базе, якая там знаходзіцца з савецкіх часоў. Тое ж, што ў Сірыі ваююць расейскія жаўнеры, пакуль не даказана.

«У апошнія гады на гэтай базе жылі паўтара чалавекі, маракі, бо база марская. Толькі зусім нядаўна Расея скіравала туды тысячу чалавек. І гэта для нікога не сакрэт, што там былі войскі, што Расея зброяй і тэхнікай дапамагае Сірыі. Расейская зброя там ваюе, расейскія войскі там ёсць, але ці ваююць расейскія войскі расейскай зброяй – пакуль у нас такіх доказаў няма. Я думаю, што, напэўна, хутчэй за ўсё ваююць. Гэта добра падпадае пад забарону разгалошвання стратаў спецыяльных аперацый у мірны час».

Сірыйская вайна, на думку публіцыста, належыць да адной з нешматлікіх войнаў, дзе Расеі трэба было б удзельнічаць.

«З’вілася »Ісламская дзяржава«, з’явіліся нейкія ўжо ісламскія фашысты… Я лічу, што гэта абсалютна ісламскі фашызм. Апазіцыя, супраціўленне тэрарызму перарасло ў тое, у што перарасло».

Спадар Бабчанка мяркуе, што ва ўсім гэтым ёсць віна Расеі, якая дапамагае аўтарытарнаму лідару. Калі б рэжым быў звергнуты дастаткова хутка, то Сірыя б аказалася ў тым хаосе, у якім цяпер знаходзіцца.

Паводле журналіста, кіраўнік Расеі не хоча змагацца супраць сусветнага зла: «У мяне такое адчуванне, што ўсе ягоныя (Пуціна – рэд.) дзеянні зводзяцца да адной простай парадыгмы – гадзіць Амерыцы ўсюды, дзе толькі можна. Таму калі Амерыка супраць Асада, значыць, мы за Асада будзем. Калі Амерыка будзе яго зрынаць, то мы будзем яго падтрымліваць, проста каб «нагадзіць у тапкі» ЗША. Па-мойму, ён (Пуцін – рэд.) усюды ваюе толькі з ЗША: у Грузіі ваяваў з Амерыкай, ва Украіне ваяваў з Амерыкай і тут будзе ваяваць з Амерыкай».

На думку журналіста, які сам быў у акопах у Чачэніі, жаўнеры не задаюцца ніякімі пытаннямі, калі іх пасылаюць на нейкую вайсковую аперацыю, а проста выконваюць загады.

«Справа ў тым, што расейскае войска – гэта армія, якую хацелі стварыць камуністы, – яна рабоча-сялянская. Служаць у ёй таксама рабочыя і сяляне, людзі, якія недзе ў вёсцы ў Кіраўскай вобласці нічога не бачылі, а тут іх раптам пасылаюць у Чачэнію. Чачэнія – для іх гэта ўжо свет паглядзець. Яны ніколі ў жыцці не былі ў гарах, а тут яны трапляюць у горы і бачаць нейкі іншы свет. Іх пасылаюць ва Украіну і гэта для іх ужо замежжа, замежная паездка. Калі іх пасылаюць у Сірыю, то для іх гэта ўвогуле нейкі круіз. Паехаць паваяваць у Сірыю, я думаю, стаяць чэргі».

У Расеі ніхто не будзе ўздымаць голасу, калі з Сірыі ў Расею будуць прыбываць жаўнерскія трупы, мяркуе журналіст. Адмысловец ацэньвае, што ў Сірыі людзей можна будзе класці дзясяткамі тысяч, і гэта пакуль не выкліча ніякіх хваляванняў.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў