Расейскі праваабаронца: Летась усім стала зразумела, што ўлады добраахвотна не сыдуць


Сяргей Давідзіс з праваабарончага цэнтру «Мемарыял» распавядае «Белсату», адкуль у Расеі ўзнік культ Пуціна.

«Белсат»: Чаму Расея за апошнія гады так раптоўна стала аўтарытарнай, практычна дыктатарскай дзяржавай?

Сяргей Давідзіс: Гэта працэс, які, хіба, можна адлічваць з 2003-2004 гадоў, як мінімум з пачатку першага працэсу Хадаркоўскага. З гэтага моманту непахісна ўзмацняюцца аўтакратычныя тэндэнцыі, скарачаюцца правы і свабоды, знішчанае раздзяленне ўладай. Гэта выбар кіраўніцтва краіны: трымацца за карупцыйную канструкцыю, замкнутую на самы верх, захоўваць яе недакранальнай, бо людзі не гатовыя сысці з улады, яны баяцца справядлівай законнай адплаты.

«Белсат»: Атрымліваецца, што яны ніколі не аддадуць улады добраахвотна?

Сяргей Давідзіс: Да мінулага года былі ілюзіі, што можна з дапамогай палітычных інструментаў спрабаваць «адваёўваць нейкія тэрыторыі», бо ўлады неэфектыўныя, у тым ліку ў эканамічнай сферы, з-за чаго ў іх расчароўваецца грамадства. Летась, думаю, усім стала зразумела, што ўлады добраахвотна не сыдуць ні ў якіх абставінах.

«Белсат»: Апошнія сацапытанні паказваюць, што людзі ў прынцыпе і не супраць моцнай улады.

Сяргей Давідзіс: трэба памятаць, што гэтыя ўлады прыйшлі яшчэ ў 1999-м годзе, пасля складанага пераходнага перыяду 1990-х, калі сапраўды не было дзяржавы, не было парадку, не было грошай. Пуцін атрымаў у спадчыну рынкавую эканоміку, якая ўжо так ці інакш сфармавалася. У людзей склалася ўражанне, што фігура, якая ўвасабляе гэты парадак, на фоне папярэдніх 1990-х, гэты росквіт, дабрабыт – Пуцін. З іншага боку, так як гэтыя ўлады абралі парадыгму аўтарытарызму, кантролю над усім грамадствам, яны насаджваюць культ дзяржаўніцтва, парадку, стабільнасці, якія прадстаўляюцца нечым супрацьлеглым правам і свабодам, незалежнаму суду і г.д.

«Белсат»: З’явіўся нават нейкі культ асобы Уладзіміра Пуціна.

Сяргей Давідзіс: Нядаўна адзін з найвышэйшых чыноўнікаў крамлёўскай адміністрацыі заявіў, што Пуцін – гэта Расея, не будзе Пуціна – не будзе Расеі. Што, вядома, абражальна для Расеі, так ці інакш 1000-гадовай краіны, якая перажыла шмат чаго, і, вядома, перажыве і Пуціна.

Стужка навінаў