Расейскі праект усталявання статуі Хрыста ў Сірыі – прыпынены


Адна са статуяў Хрыста каля манастыра ў Сірыі. Фота vesti-ukr.com

Расейскія скульптары прыпынілі праект усталявання ў Сірыі статуі Ісуса Хрыста.

«Мы планавалі, і былі перамовы, – стварыць статую Хрыста досыць вялікага памеру. Яна пакуль замарожаная ў стадыі рабочай васьміметровай мадэлі, якая потым павінна была павялічыцца. Пра гэтую гісторыю гаварыць, напэўна, бессэнсоўна, бо цяперашнія падзеі пакуль не вядома, куды прывядуць», – распавёў скульптар, народны мастак Расеі Салават Шчарбакоў у нядзелю ў эфіры «Русской службы новостей».

Ён таксама паведаміў, што яшчэ адну статую Хрыста, спраектаваную ім ды скульптарам Андрэем Кавальчуком, выканалі армянскія скульптары ў адным з манастыроў Сірыі. Падчас баявых дзеянняў статую расстралялі з гранатамётаў, да канца яе лёс невядомы.

Паводле Шчарбакова, у Сірыі таксама паставілі скульптуру апостала Паўла, створаную расейскім скульптарам Аляксандрам Рукавішнікавым. Пра тое, ці ацалела яна, таксама інфармацыі няма.

У канцы верасня 2015 года расейскія самалёты пачалі бамбаванні ў Сірыі. Расея запэўнівае, што бамбардуе лагеры баевікоў тэрарыстычнай «Ісламскай дзяржавы». Паводле праваабарончай арганізацыі Amnesty International, расейскія войскі забілі ў Сірыі сотні мірных жыхароў. У сваю чаргу ісламісты знішчаюць на падкантрольных тэрыторыях усе статуі ды скульптуры, нават каштоўныя творы мастацтва, называючы іх «ідаламі».

МЯ, паводле interfax.ru

Глядзі таксама
Каментары