Расейскі палітолаг: Крым – як краіны Балтыі ў савецкія часы


Масква спадзявалася, што пасля інаўгурацыі Трампа ЗША распачне працэс адмены санкцыяў. Наўзамен атрымала прапанову вярнуць анексаваны Крым Украіне і спыніць агрэсію ў Данбасе. Крамлёўскія аналітыкі прапаноўваюць Захаду трактаваць паўвостраў як краіны Балтыі, якія ў свой час былі акупаваныя Савецкім Саюзам. Як амаль за тры гады змянілася жыццё жыхароў Крыму і хто палепшыў свой фінансавы стан, перайшоўшы на бок Крамля, – пра гэта ў нашым відэасюжэце.

«Я хачу павіншаваць усіх амерыканцаў, якія дабіліся перамогі Доналда Трампа, і сёння яны лікуюць, сёння вялікае свята ў Амерыцы. Хачу павіншаваць нашых грамадзянаў, якія таксама хварэлі. За ягоную перамогу мы выпʼем па келіху шампанскага ў Дзяржаўнай Думе, хто прыйшоў, мы ўсім налілі. Гэта нашая супольная перамога, гэта свята», – так цешыўся з нагоды абрання Трампа лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расеі Уладзімір Жырыноўскі.

Але святкаваць давялося не доўга. Не прайшоў і месяц з інаўгурацыі Доналда Трампа, як адміністрацыя новага амерыканскага прэзідэнта закранула адную з самых балючых для Крамля тэмаў.

«Прэзідэнт Трамп ясна даў зразумець, што ўрад Расеі мусіць вярнуць Крым і адмовіцца ад гвалту на ўсходзе Украіны», – заявіў прэс-сакратар Белага дому Шон Спайсэр.

На заяву, якую расейскія палітыкі ўжо параўналі з халодным душам, афіцыйная Масква адрэагавала нязвыкла стрымана.

Вось якой была заява з гэтай нагоды афіцыйнай прадстаўніцы МЗС Расеі Марыі Захаравай:

«Мы сваёй тэрыторыі не вяртаем. Крым – тэрыторыя Расейскай Федэрацыі. Гэта ўсё».

Цікава, што заява Белага дому пра вяртанне Крыму не трапіла ў галоўныя публіцыстычныя перадачы расейскага тэлебачання. Пра што маўчаць вядомыя прапагандысты, гаворыць расейская рэдакцыя радыё «Свабода», якая аб прапанове Трампа запыталася жыхароў Масквы.

«Ён (Крым) у прынцыпе нам не патрэбны. Як стратэгічная кропка, каб там не стаяла НАТО, то так. Колькі там сродкаў укладаецца, а давайце ў Расеі адʼедзем ад Масквы на 150 кіламетраў, там жа поўная разруха, чаму б там не палепшыць нешта», – кажа жыхар расейскай сталіцы.

Іншы агучвае сваё меркаванне:

«Крым у любым выпадку трэба вяртаць і выходзіць з Данбасу. Бо Крым – гэта Украіна, Данбас – гэта Украіна, і, якога хрэна там робіць Расея, незразумела».

Але ёсць і іншыя меркаванні. Адзін з апытаных кажа:

«Гэта іншым трэба з намі сябраваць, бо Расея з пачатку пазіцыянавала сябе як вялікая дзяржава».

Пра тое, як жыхарам паўвостраву жывецца ў «вялікай Расеі», «Белсату» распавядае крымская журналістка Анна Андрыеўская, якая пасля анексіі ўцякла ў Кіеў:

«Кошты тавараў і паслугаў у Крыме вельмі павялічыліся. Сёння яны даражэйшыя, чымся ў Кіеве. Такога ніколі не было за ўсе гады існавання Крыму ў складзе Украіны. Сёння крымчане кажуць пра тое, што на сваю пенсію і заробак яны нічога дазволіць не могуць, а ім абяцалі залатыя горы.

А жыхар Севастопалю падзяліўся сваймі назіраннямі:

«Мне падабалася пры Украіне, пры Расеі бардак. Я сам за Расею, але ніхто тут парадку не робіць».

Куды ж ідуць мільёны з расейскага бюджэту, якія меліся стымуляваць прарасейскія настроі на анексаванай тэрыторыі?

«Грошы забіраюцца ад іншых расейскіх рэгіёнаў, а Крыму даюцца. Яны вельмі актыўна раскрадаюцца і адмываюцца. Напрыклад, фірмы, якія рамантуюць дарогі ў Крыме, звычайна звязаныя з кіраўніцтвам паўвостраву або з іхнымі роднымі. Гэта кумаўство і сватаўство», – працягвае Анна Андрыеўская.

Але малыя заробкі ды карупцыя не галоўная праблема, з якою сутыкнуліся жыхары Крыму.

Айдэр Муждабаеў, намеснік гендырэктара крымскататарскага тэлеканалу «ARТ» заўважае:

«Жыццё крымскіх татараў змянілася радыкальна пасля таго, як Расея акупавала Крым. Першым забітым быў там крымскі татарын Рышат Аметаў. Яго дэманстратыўна затрымалі на плошчы, дзе ён пратэставаў супраць захвату дзяржаўных будынкаў «зялёнымі чалавечкамі», вывезлі ў невядомым кірунку, здзекаваліся, забілі ды закапалі цела так, каб было відаць. Частка галавы і рукі тырчалі з зямлі. Гэта дэманстратыўнае забойства, якое паказала крымскім татарам, што з імі будзе. Пазней зніклі яшчэ каля 20-ці крымскіх татараў. Пратэставыя настроі ў Крыме вельмі сурʼёзныя, і яны ўзмацняюцца. Але гэтыя настроі не могуць мець выхаду з той прычыны, што Крым – самы мілітарызаваны, калі параўноўваць з расейскімі рэгіёнамі».

Маскоўскія аналітыкі настроямі не пераймаюцца, а Беламу дому прапаноўваюць угоду. Такой пазіцыі прытрымліваецца Сяргей Маркаў, палітолаг, давераная асоба кандыдата на прэзідэнта Пуціна ў 2012 годзе.

«Мы прапаноўваем наступную мадэль. Як краіны Балтыі ў савецкія часы. Не прызнавалі, што краіны Балтыі – частка СССР, але на практычную палітыку гэта ніяк не ўплывала. Такую ж мадэль мы прапаноўваем», – кажа Сяргей Маркаў.

Анексаваныя ў 1940 годзе балтыйскія краіны і анексаваны ў 2014 годзе Крым сапраўды маюць шмат агульнага. Таксама, як і тады, міжнародная супольнасць аднагалосна прызнае, што Расея акупавала гэтую тэрыторыю. Але краіны Балтыі здолелі скінуць маскоўскія абцугі яшчэ да развалу савецкай імперыі.

Сюжэт выйшаў у праграме «Прасвет». Глядзіце яе апошняе выданне цалкам:

Стужка навінаў