Расейскі крызіс ударыць па Беларусі

video

https://www.youtube.com/watch?v=4WXeSAFVkPc

Новы гістарычны антырэкорд. Беларускі рубель чарговы раз рухнуў у адносінах амерыканскай валюты падчас гандляванняў на Беларускай валютна-фондавай біржы. Цяпер 1 долар каштуе 18 310 рублёў.

Беларускі рубель залежыць ад расейскага, а той напярэдадні абнавіў гістарычны мінімум – за долар даюць 70 з паловаю расейскіх рублёў.
Моц расейскага ж рубля завязаная на коштах нафты. А яе цана за апошнія дні ўжо стала прапісалася на адзнацы, ніжэйшай за 40 долараў за адзін барэль, зняпраўджваючы колішнія прагнозы кіраўніцтва Расеі.

Гэтак, летась Уладзімір Пуцін заяўляў, што калі кошт на нафту апусціцца хаця б да 85 долараў, эканоміка арабскіх краінаў папросту рухне.

Пакуль жа падзенне цэнаў на чорнае золата руйнуе расейскую эканоміку. А гэтаму працэсу не бачна канца. Бо нафта, паводле большасці прагнозаў, працягне таннець. На гэта можа паўплываць дадатковы фактар. У Кангрэсе ЗША лідары рэспубліканскай і дэмакратычнай фракцыяў дамовіліся аб адмене забароны на экспарт нафты – упершыню пасля нафтавага крызісу 1973 года. Цяпер дакумент мусіць падпісаць прэзідэнт краіны Барак Оўбама. Шэраг адмыслоўцаў лічыць, што гэта не моцна паўплывае на сусветны рынак.

«Па-першае, таму, што абʼёмы экспарту будуць не занадта вялікімі. Кошт нафты ў ЗША даволі высокі і яна не можа канкураваць на еўрапейскім рынку з тымі ж аравійскімі пастаўкамі. І таму выкіду дадатковых абʼёмаў нафты на сусветны рынак не адбудзецца», – зазначае эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

Аднак навіна з амерыканскага Кангрэсу ўжо паспела абваліць кошты на нафту больш як на 2 адсоткі. Калі ж нафта працягне таннець і далей, на расейскім валютным рынку могуць спраўдзіцца самыя песімістычныя прагнозы, мяркуе эканаміст Сінкевіч. А разам з імі гэты сцэнар можа паўтарыцца і ў Беларусі.

«Калі разглядаць найгоршую сітуацыю, калі нафта будзе каштаваць каля 20 долараў за барэль, курс расейскага рубля можа знізіцца больш за 160 рублёў за долар. Ну і адпаведна беларускі рубель можа пацягнуць дэвальвацыю 50-100 адсоткаў ад сённяшняга курсу», – тлумачыць Аляксандр Сінкевіч.

«Бэнк оф Амэрыка» ужо падлічыў, што калі нафта патаннее нават да 35 долараў, курс у Расеі можа стаць каля 94-х рублёў за 1 долар ЗША. З улікам будучай дэнамінацыі ды складанай сітуацыі ў айчыннай эканоміцы, прагназаваць курс у нашай краіне пакуль ніхто не бярэцца.

Віталь Бабін, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары