Расейскі канкурэнт беларускім ракетным цягачам зламаўся падчас прапагандысцкага шоу


Масква ўжо не першы год намагаецца захапіць ці задушыць Менскі завод колавых цягачоў – ключавога пастаўшчыка шматвосьных цяжкіх шасі на постсавецкай прасторы. Цяпер Крэмль ставіць на сваю альтэрнатыву беларускім цягачам – цягач Платформа-О ад Камаза, каб выціснуць МЗКЦ з рынка.

Скрыншот defence-blog.com

Аднак на дэманстрацыйным паказе пад Масквой пад сотнямі відэакамер і фотаапаратаў нешта пайшло не так…

Хто ў лес, хто па дровы

Новая расейская машына формулы 16х16 павінна была або прымусіць беларусаў аддаць свой завод у маскоўскія рукі, або проста пазбавіць МЗКЦ ільвінай долі даходаў і паставіць на мяжу выжывання. Планавалася таксама, што яна будзе наватарскай – з электрамеханічнай трансмісіяй і індывідуальным кіраваннем кожным колам.

У канцы жніўня адбылася першая публічная дэманстрацыя Платформы-О (таксама вядомай з індэксам K-7850) на форуме «Армія-2018» у бліжнім Падмаскоўі, аднак падчас мерапрыемства, якое мела найперш прапагандысцкае значэнне, назіральнікі заўважылі, што колы цягача рухаюцца няправільна.

Відавочна, адбылася паломка ў электроннай сістэме шасі, у выніку чаго, хоць машына рухалася ў простым кірунку, некалькі колаў павярнуліся пад няправільным вуглом. Відэа заканчваецца тым, што праз некалькі секунд пасля меркаванай няспраўнасці машына спыняецца.

Прадстаўнікі Мінабароны РФ і арганізатары форума адмовіліся ад каментароў, піша defence-blog.com

Планавалася, што шасі K-7850 будзе асноўным для рухомых грунтовых ракетных комплексаў Расеі, якія змогуць хутка мяняць свае пазіцыі па дарогах і бездарожжу, такім чынам застаючыся па-за прыцэлам варожых ракет.

Барацьба за беларускае фамільнае срэбра

Зараз МЗКЦ – пастаўшчык цяжкіх колавых шасі для расейскай арміі. Менавіта на розных мадыфікацыях шасі МЗКЦ стаяць расейскія аператыўна-тактычныя комплексы «Іскандэр», берагавыя ракетныя комплексы «Бал» і «Бастыён», кантэйнерныя ракетныя комплексы Club-M, зенітна-ракетныя комплексы С-400 і С-500, ракетныя комплексы стратэгічнага прызначэння «Топаль-М» і «Ярс».

Цягач МЗКТ-79221 з атамнай ракетай (макетам ракеты?) комплексу «Топаль-М» на парадзе ў Маскве ў 2010 годзе.
Фота: wikipedia.org.

Аднак арыентаванасць на аднаго кліента нясе з сабой вялікую небяспеку – кліент, карыстаючыся залежнасцю заводу ад сябе, можа паспрабаваць захапіць карысны актыў, а потым і перанесці завод на сваю тэрыторыю, знішчыць вытворчасць і цэнтр распрацоўкі ў Беларусі.

Масква ўжо спрабавала набыць такі важны для яе завод у 2012-2013 гадах, прычым спрабавала выкручваць рукі беларусам негалоснай забаронай на набыццё прадукцыі МЗКЦ. Замест іх усходні сусед пагражаў пачаць выкарыстоўваць шасі вытворчасці КамАза і УралАЗа. Аднак шантаж не спрацаваў.

У апошнія гады беларускую прадукцыю імкнуцца замяніць Платформай-О.

Не спяць у шапку

У такіх умовах важнейшай задачай МЗКЦ, як і ўсёй беларускай эканомікі, таксама занадта шчыльна залежнай ад Расеі, робіцца дыверсіфікацыя.

Гэтак у сферы цяжкіх колавых шасі ваеннага прызначэння вядома, што МЗКЦ развівае супрацоўніцтва з Кітаем, Украінай, Азербайджанам, Турцыяй.

Прэзідэнт Украіны перадае дакументы на новую тэхніку ўкраінскім вайскоўцам на фоне радыёлакацыйнай станцыі на беларускім шасі.
Фота: president.gov.ua

У мінулым годзе прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка перадаў сваёй арміі новыя мабільныя радыёлакацыйныя станцыі, якія стаяць на шасі «Волат». Пры гэтым прапанаваў паставіць РЛС на беларускае шасі Азербайджан, які купляе ў Беларусі ракетныя сістэмы залпавага агню «Паланэз», што таксама стаяць на шасі МЗКЦ.

Фота турэцкага аператыўна-тактычнага комплексу KAAN. На кабіне бачны лагатып Volat – гандлёвая марка беларускага МЗКЦ. Крыніца: aviationanalysis.net

Першае сумеснае прадпрыемства з кітайцамі беларускі завод стварыў яшчэ ў 1998 годзе. Беларускія распрацоўкі, якія былі часткова лакалізаваныя кітайцамі, рэгулярна можна бачыць на парадах арміі Кітая, падчас якіх паказваюцца новыя ўзоры ракетнай тэхнікі на колавай базе МЗКЦ.

Праблемы новых расейскіх ракетных колавых шасі даюць МЗКЦ яшчэ нейкі час для таго, каб развіваць сетку міжнародных кантактаў і захаваць у Беларусі ўнікальную навуковую, тэхнічную і кадравую базу.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў