Расейскі гімн можа быць забаронены на Алімпійскіх гульнях-2018


На Алімпійскіх гульнях у Паўднёвай Карэі да Расеі могуць быць прымененыя штрафы ў сувязі з выкарыстаннем допінгу расейскімі спартоўцамі на мінулай алімпіядзе ў Сочы. У тым ліку, разглядаецца забарона расейскага гімну і пазбаўленне расейскіх спартоўцаў права ўдзельнічаць у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў.

Да адкрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў у горадзе Пхёнчхан у Паўднёвай Карэі засталося каля трох месяцаў. Прадстаўнікі Міжнароднага Алімпійскага камітэту павінны вырашыць, ці будуць прымененыя санкцыі да Расеі ў сувязі з парушэннямі расейскімі спартоўцамі допінгавых стандартаў на мінулых гульнях.

Згодна з расследаваннем, у расейскай допінгавай схеме ўдзельнічалі каля 1000 спартоўцаў з 30 розных відаў спорту.

Як паведамляе New York Times, на гэтых Алімпійскіх гульнях у якасці штрафу для Расеі можа быць прынята забарона расейскага гімну, забарона расейскім спартоўцам удзельнічаць у цырымоніі адкрыцця, а таксама ўдзел у алімпіядзе ў нейтральнай форме пад нейтральным сцягам.

Міжнародныя допінгавыя агенцтвы патрабуюць цалкам забараніць расейскім спартоўцам уздзел у наступных Алімпійскіх гульнях. Міжнародны Алімпійскі камітэт, хутчэй за ўсё, на гэта не пойдзе.

Рашэнне аб санкцыях супраць Расеі стане вядомым 5 снежня, калі адбудзецца агульнае паседжанне кіраўнікоў Алімпійскага камітэту.

ВЧ, belsat.eu

 

Стужка навінаў