Расейскі «фокус з мытамі» можа абваліць беларускі бюджэт


Урад Расеі плануе рэзка знізіць мыты на нафту і нафтапрадукты. Праз гэта Беларусь можа згубіць $ 1 млрд.

Такія дзеянні расейцаў могуць прывесці да перагляду беларускага бюджэту на 2015 год, паведаміў 3 кастрычніка на пасяджэнні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах прадстаўнік Беларусі ў Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Румас. «Калі прапановы беларускага боку не будуць падтрыманыя, 1 млрд. долараў для Беларусі – істотная сума, і, мабыць, ураду давядзецца пераглядаць артыкулы расходаў бюджэту», – заявіў чыноўнік.

Ратаваць сітуацыю традыцыйна адправілі віцэ-прэм‘ера Уладзіміра Сямашку, які вядомы ў Крамлі як «прасіцель» ад афіцыйнага Менску. Тым часам Аляксандр Лукашэнка спрабуе націснуць на Маскву, згадваючы ролю Беларусі ў інтэграцыйных праектах Пуціна.

“Калі такі крок будзе зроблены з боку Расейскай Федэрацыі, гэта стане вельмі вялікай праблемай у функцыянаванні цяперашняга саюза. Па-першае, таму, што мы дамаўляліся аб іншым. Па-другое, калі ажыццяўляюцца нейкія дзеянні ў адным кірунку, значыць трэба, каб у іншым была кампенсацыя. Гэта вялікія грошы, якія мы ні ў якім выпадку не павінны губляць”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Сёлета ў траўні падчас падрыхтоўкі дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе Масква і Менск дамовіліся, што беларускі бок зможа з 2015 года пакідаць у сваім бюджэце штомесяц мытаў на $ 125 млн. ($ 1,5 млрд. у год).

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў