Фінансіст Рабіновіч: У Расеі пачынаюць дзеяць ніколі не апрабаваныя механізмы


Пакуль працягваецца геапалітычная авантура Расеі ва Украіне, нічога добрага ў эканоміцы РФ не адбудзецца. За сабою Расея пацягне іншыя краіны Мытнага саюзу, у тым ліку Беларусь, заявіў «Белсату» расейскі фінансіст Яраслаў Рабіновіч.

Практычна ўсе краіны свету выйшлі з эканамічнага крызісу 2008 года, а дэвальвацыя расейскага рубля і цяжкасці ў эканоміцы – гэта прамая цана, якую трэба плаціць за анексію Крыму і развязванне вайны на ўсходзе Украіны.

«За дзесяцігоддзі гісторыі пасляваеннага быў свету быў толькі адзіны выпадак, калі адна дзяржава анексавала іншую краіну, – гэта анексія Кувейту Садамам Хусэйнам (лідарам Іраку – belsat.eu). Закончылася гэта ў выніку тым, што Садама Хусэйна асудзілі і павесілі. Пуцін вырашыў паўтарыць гэты эксперымент, а але свет сказаў: не! Расея аказалася адна супраць усяго свету», – падкрэсліў спадар Рабіновіч.

Паводле яго, трэба разумець, што не Кувейт вызваляў сябе ад Хусэйна, але ўвесь свет вызваляў Кувейт ад ягонага кіраўніка. Таму, на думку фінансіста, Украіна не сама ратуецца ад Пуціна, але ўвесь свет хоча ёй у тым дапамагчы.

«Расея супрацьпаставіла сябе свету, а свет выключыў яе з міжнароднай фінансавай сістэмы. Адпаведна Расея як субект міжнароднай эканомікі стала няздольнай, бо Расея – не Паўночная Карэя, яна ішла па шляху поўнай інтэграцыі з сусветнай фінансавай, эканамічнай сістэмай і сістэмай міжнароднага гандлю», – заўважыў расейскі фінансіст.

Вектар Расеі на інтэграцыю з сусветнай эканомікай не мяняўся цягам 14 гадоў праўлення Пуціна, а змяніўся вельмі хутка толькі сёлета. «У выніку гэтых дзеянняў у Расеі, як эканамічным субекце, пачынаюць дзеяць механізмы, нідзе ў свеце ніколі не апрабаваныя, бо ніхто не вырываў дзяржаву з сусветнай фінансавай і гандлёвай сістэмы», – заўважыў адмысловец.

На ягоную думку, Пуцін вельмі моцна пралічыўся. Лідару Расеі шмат што сходзіла з рук, напрыклад збройны канфлікт з Грузіяй у 2008 годзе, падтрыманне сепаратысцкіх рэспублік Абхазіі і Паўднёвай Асеціі і г.д.

«Пуцін думаў: еўрапейскія лідары слабыя, і Оўбама слабы, няма ніякага адзінства ў Еўразвязе, ЗША не змогуць нічога скаардынаваць з Еўропай. Пры той сітуацыі, якая была ва Украіне, Пуцін меркаваў чыркнуць запалкай, кінуць туды запалку і чакаць, што Украіна адразу ж расколецца на дзве часткі, адна з якіх адваліцца проста да Расеі. Але гэтага не адбылося», – адзначыў аналітык.

Яраслаў Рабіновіч – фінансавы аналітык, дырэктар маскоўскага філіялу «Diamond Age Capital Advisors», скончыў Ленінградскі электратэхнічны інстытут сувязі, бізнесшколу «Stern» Нью-Йоркскага ўніверсітэту.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў