Расейскі эксперт: Скінутая ў вулкан атамная бомба знішчыць ЗША дашчэнту


Расея можа знішчыць ЗША ў будучыні, выклікаўшы з дапамогай ядравай зброі гіганцкія катастрофы – вывяржэнне вулкану Елаўстоўн альбо мегацунамі, напісаў у агульнарасейскай газеце «Военно-промышленный курьер» доктар вайсковых навук Канстанцін Сіўкоў.

«Супраць Расеі разгортваецца новая халодная вайна. Дакладней, яна не спынялася. Захад замацоўвае поспехі папярэдніх этапаў халоднай вайны і пачаў падрыхтоўку да яе завяршэння. У выніку Расея мусіць быць знішчана», – лічыць расейскі эксперт.

Аднак, сапернічаць з НАТО Расея не ў стане, бо эканамічны патэнцыял краіны аслаблены, існуе крытычныя для бяспекі Расеі залежнасць ад замежных высокіх тэхналогіяў, згублены «духоўны стрыжань», якім была камуністычная ідэя, і адсутнічаюць хаўруснікі ў Еўропе, якімі былі некалі краіны Варшаўскай дамовы.

Выйсцем у барацьбе з ЗША, на думку спадара Сіўкова, могуць быць новыя сістэмы зброі, «заснаваныя на іншых ідэях, чым існыя цяпер». Гэткім сродкам барацьбы можа быць «мегазброя», якая грунтуецца на выкарыстанні разбуральных геафізічных працэсаў.

На ягоную думку, знішчыць ЗША можа ядравы снарад, скінуты, да прыкладу ў вулкан Елаўстоўн на тэрыторыі краіны. Паводле Сіўкова, гэты вулкан вывяргаецца раз у 600 гадоў, а цяпер акурат наступае перыяд яго актыўнасці.

«Геолагі мяркуюць, што Елаўстоўнскі супервулкан можа выбухнуць у любы момант. Прыкметы нарастання яго актыўнасці ў наяўнасці. Таму дастаткова адносна невялікага штуршка, напрыклад, удару снарада мегатоннага класу, каб ініцыяваць вывяржэнне. Наступствы будуць катастрафічнымі для ЗША – такая дзяржава проста знікне. Уся яго тэрыторыя пакрыецца тоўстым (у некалькі метраў або нават дзясяткаў метраў) пластом попелу», – піша расейскі эксперт.

Яшчэ адной уразлівай зонай ЗША, на думку навукоўца, можа быць тэктанічны разлом Сан-Андрэас, які праходзіць уздоўж узбярэжжа штату Каліфорнія. «Гэта вобласць геафізічнай нестабільнасці, якая спараджае землятрусы з магнітудай да 8,5 балаў па шкале Рыхтэра». Калі ўжыць у гэтым месцы атамную бомбу, то гэта можа выклікаць гіганцкія цунамі, якія знішчаць усё Ціхаакіянскае ўзбярэжжа ЗША.

«Гэта будзе выключна «чыстая» зброя – ядравая зіма не наступіць, бо не ўтворацца гіганцкія пылавыя аблокі, а вадзяная пара абрынецца на зямлю ў выглядзе жахлівых радыеактыўных залеваў паблізу свайго фармавання, гэта значыць на тыя ж ЗША. Такі ўдар, безумоўна, ініцыюе тэктанічных актыўнасць ва ўсім рэгіёне, у тым ліку, цалкам магчыма, і вывяржэнне Елаўстоўнскага супервулкану. Зваротная хваля змые Еўропу. Гэта значыць увесь блок НАТА», – мяркуе доктар навук.

Доктар навук прызнае, што вывяржэнне вулкану і гіганцкія цунамі стануць катастрофай для ўсёй цывілізацыі, прычым знішчаныя могуць быць некаторыя рэгіёны самой Расеі. «Але на тое і існуе падобная зброю. Яна ўжо магчымасцю свайго ўжывання мусіць спыняць усякую думку пра агрэсію супраць Расеі».

Мегазброя можа з’явіцца ў Расеі ўжо цягам бліжэйшых 10 гадоў, падчас якіх спецыялісты створаць боепрыпасы патрэбнага калібру і носьбіты для іх.

Заслугоўвае на ўвагу, што Канстанцін Сіўкоў – гэта не толькі навуковец, прэзідэнт Акадэміі геапалітычных праблемаў, але і капітан ваенна-марскога флоту ў адстаўцы, былы чалец Генеральнага штабу РФ. Ягоны ж артыкул апублікаваў агульнарасейскі тыднёвік, прысвечаны вайсковай тэматыцы і абароне «Военно-промышленный курьер».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў