Расейскі ды беларускі рубель валяцца навыперадкі


Найбуйнейшы аднадзённы абвал рубля з часоў леташняй калянавагодняй дэвальвацыі. Сёння долар падаражэў больш, чым на тысячу сто рублёў.

«Давялі краіну, што ніяк ня можа нічога супакоіцца», − зазначае жыхар менску.

За 102 дні, што прайшлі з моманту леташніх прэзідэнцкіх выбараў, айчынная валюта абясцэнілася яшчэ на чвэрць, адзначыў сёння ў сваім блогу аглядальнік Віктар Малішэўскі. А за апошнія 13 месяцаў – больш як удвая.

«Мне падаецца, нейкія эканамічныя рэформы трэба рабіць, а не разбазарваць золатавалютныя рэзервы на стрыманне крызісу», − мяркуе мужчына.

Падобныя праблемы зазнаюць і іншыя аўтакратычныя рэжымы постсавецкай прасторы. Перадусім тыя, чыя эканоміка пабудаваная цалкам на экспарце нафты. У Казахстане, дзе валюта абвалілася за год больш як удвая, хоць і менш, чым беларуская, у Алматы праходзяць акцыі пратэсту з патрабаваннем абараніць ад дэвальвацыі людзей, што выплачваюць валютныя крэдыты. Некалькі тыдняў не сціхаюць выкліканыя абвалам маната і ростам коштаў сацыяльныя пратэсты ў Азербайджане

На расейскай валютнай біржы курс долара перакрочыў сёння адзнаку 84 рублі. Напярэдадні ля маскоўскіх банкаў прайшлі адразу дзве акцыі пратэсту пазычальнікаў. У некаторых, у сувязі з дэвальвацыяй, выплаты валютных крэдытаў за жытло перавышаюць цяпер заробак.

Між ты патлумачыць падзенне беларускай грашовай адзінкі толькі абвалам расейскай і падзеннем коштаў на нафту не выпадае. Айчынны рубель аслабеў ад пачатку году на два адсоткі нават да абваленага расейскага.

Эканаміст Леў Марголін звязвае гэта, сярод іншага, з тым, што напрыканцы года Нацбанк зноў пачаў друкаваць грошы для дапамогі неэфектыўным дзяржаўным прадпрыемствам. У снежні рублёвая маса павялічылася амаль на паўтара адсотка, таму аналітыкі бачаць патэнцыял для далейшай дэвальвацыі.

«Я лічу, што няслушна фінансаваць стратныя прадпрыемствы. То бок мы плацім падаткі на фінансаванне заведама стратных прадпрыестваў», − падкрэслівае міначка.

Напярэдадні план дзеянняў для пераадолення існага крызісу абнародавалі і Нацбанк і Саўмін. Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч, аднак, лічыць яго касметычным і накіраваным на імітацыю рэформаў для замежных крэдытораў, а не на павелічэнне канкурэнтаздольнасці айчыннай эканомікі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў