Расейскі часопіс для мужчынаў «Maxim» могуць закрыць за інтэрв’ю з Міхалком


«Раскамнагляд» выпісаў папярэджанне за тое, што травеньская гутарка з лідарам гурта «Brutto» ўтрымлівае ненарматыўную лексіку.

Прадстаўнікі федэральнай службы ў лісце да рэдакцыі падкрэсліў, што гэта ўжо другое папярэджанне за год. Згодна з расейскімі законамі, выданне можа пазбавіцца пасведчання аб рэгістрацыі СМІ.

Інтэрв’ю экс-фронтмэна «Ляпісаў» пад загалоўкам «Не, я ў Расею не паеду» можна пачытаць на старонцы часопісу.

Лаянка ў тэксце завуаляваная – замест некаторых літар стаяць зоркі. У размове з журналістам Міхалок распавядае пра сваю маладосць і раннюю творчасць, гастролі ў Данецку, а таксама разважае пра алкаголь, сяброўства і рок-музыку.

«Ужо ёсць сваякі загінулых у ДНР, якія ўпэўненыя, што я спяваў на Майдане за амерыканскія грошы… Мне галаву і так праломяць правыя футбольныя фанаты, левыя хардкоры або баязліўцы, што ссуць ехаць ваяваць, але ходзяць з двума сотнямі шабляў па Самары. Яны ўпэўненыя, што я спальваў у Адэсе дзяцей… У Цюмені выйшла газета, дзе паведамлялася, што я на Майдане крычаў «Забі расейца, забі жыда!»… Прапаганда і інфармацыйная вайна зрабілі шмат», – цытуе выданне Міхалка.

У кастрычніку 2014 года «MAXIM» атрымаў папярэджанне за гумарыстычны матэрыял «Як правільна даваць хабару чыноўнікам у Расеі».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў